У Полацку каля 150 прадпрымальнікаў, якія страйкуюць, прыйшлі да выканкама
У пятніцу полацкія прадпрымальнікі пачалі стыхійную забастоўку з-за масавых праверак дакументаў, якія на рынках праводзяць мясцовыя падаткавікі. Праверкі пачаліся адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў — 13 кастрычніка. Пра гэта Еўрарадыё распавядае прадпрымальніца з Полацка Вольга. Паводле яе слоў, штодня падаткавікі правяралі і канфіскоўвалі тавар у шасці-сямі прадпрымальнікаў. Людзі не вытрывалі і пайшлі да падатковай натоўпам.
Вольга: "Былі на кансультацыі ў падатковай інспекцыі. Цяпер стаім перад выканкамам. Патрабуем, каб да нас выйшлі дэпутаты. І заўтра нам прызначаюць сустрэчу. Людзі на эмоцыях, крычаць. А ў падатковай нам сказалі: "Мы перашкаджаем працы. Мы прыйдзем і будзем вас усіх правяраць. Калі вы будзеце нам перашкаджаць, тыя людзі, якія бдуць перашкаджаць, будуць несці адказнасць".
Да выканкама прыйшло каля 150 прадпрымальнікаў. Яны патрабавалі, каб да іх выйшлі дэпутаты і патлумачылі, як ім працаваць заўтра.
Пра тое, што прадпрымальнікі гандлююць з накладнымі, атрыманымі ў Расіі і тое, што дакументы несапраўдныя, неаднаразова казалі падчас форумаў прадпрымальнікаў, якія ладзіць грамадскае аб’яднанне “Перспектыва”. Вось што кажа яго старшыня Анатоль Шумчанка:
"Падаткавікі пайшлі мэтанакіравана, яны падрыхтаваліся. Яны ўзялі накладныя з Расіі, якія прадстаўлялі прадпрымальнікі, праверылі іх і сказалі, што накладная фальшывая і пачалі забіраць тавар. Затым людзі проста пабачылі, што гэта не спыняецца, гэта тупік і пайшлі маршам у падатковую”.
Ён заўважае, што ў Маладзечне таксама пачаліся праверкі. Магчыма, праверкі праходзяць па ўсёй краіне, але не ўсе прадпрымальнікі кажуць пра гэта.
“Да выбараў было ціха, а пасля выбараў пайшлі праверкі. Наша меркаванне: патрэбныя грошы. І сітуацыя будзе пагоршвацца. Бо замест таго, каб вырашаць праблемы, урад бяжыць ад іх”, — гаворыць Шумчанка.
Здымак з архіву.