У Польшчы расследуюць 10 крымінальных спраў, датычных аховы мяжы з Беларуссю
Польска-беларуская мяжа
Вайсковая пракуратура Польшчы расследуе дзесяць крымінальных спраў, звязаных з аховай польска-беларускай мяжы, піша Rzeczpospolita.
Усе яны пачатыя па артыкуле аб нядбайным выкананні абавязкаў і перавышэнні паўнамоцтваў, а некаторыя — яшчэ і за правакаванне небяспекі. Тры справы датычаць ужывання салдатамі фізічнай сілы супраць мігрантаў. Адна справа датычыць прымянення зброі, у выніку чаго па неасцярожнасці была прычыненая шкода здароўю мігранта.
Справы закранаюць падзеі з ліпеня 2021 года па 10 ліпеня 2024 года — гэта значыць, увесь перыяд міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю. Дзевяць з дзесяці спраў пачатыя сёлета. Абвінавачанні выстаўленыя толькі па адной — аб ужыванні зброі. Яна, дарэчы, атрымала вялікі розгалас.
У каментары выданню неназваны высокапастаўлены афіцэр памежнай службы заявіў, што польскія ўлады не прыкідваюцца, быццам агрэсіі няма, але хочуць быць адказнымі за сваіх людзей і трымаць эмоцыі ў руках.
Ад пачатку 2024 года польскія ўлады зафіксавалі больш за 20 тысяч спробаў нелегальнага пераходу мяжы з тэрыторыі Беларусі. За ўвесь 2023 год іх было каля 25 тысяч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.