У Расію праз Беларусь нельга праехаць на аўто, але можна самалётам і цягніком
26 кастрычніка дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Надзея Саўчанка ехала на машыне праз Беларусь у Маскву. Без праблем пераехала украінска-беларускую мяжу, а беларуска-расійскую мяжу, якой няма, не змагла ― расійскія памежнікі яе завярнулі. Не прайшла ўкраінскі нардэп пашпартны кантроль. Таксама неіснуючы, як сцвярджае кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка:
“Пунктаў пропуску на беларуска-расійскай мяжы няма. Памежных, маецца на ўвазе. І памежны кантроль не ажыццяўляецца. Яны ажыццяўляюць памежныя праверкі, хутчэй за ўсё, у межах міграцыйнага кантролю і гэтак далей. Таму, на сваёй тэрыторыі яны маюць права праводзіць мерапрыемствы, звязаныя з міграцыйным кантролем так, як у іх вызначана ўнутры”.
Пунктаў менавіта памежнага кантролю на мяжы з Беларуссю і няма, а вось пункты памежнага пропуску, як высвятляецца ― ёсць. І праз іх замежнікаў, якія едуць транзітам праз Беларусь у Расію, не пускаюць. Маўляў, усе замежнікі мусяць ехаць выключна праз міжнародныя пункту пропуску, а такіх на мяжы Беларусі і Расіі няма. Бліжэйшы ― у аэрапорце “Мінск-2”. І Надзея Саўчанка вымушаная была вяртацца з беларуска-расійскай мяжы ў Мінск і ляцець у Маскву самалётам "Белавія".
Ці шмат такіх транзітных вандроўнікаў заварочваюць расійскія памежнікі назад у Беларусь? У Цэнтры грамадскіх сувязяў ФСБ Расіі такое пытанне сустракаюць падазрэннем.
ФСБ Расіі: “Трэба праверыць, для якіх мэтаў вы інфармацыю спрабуеце даведацца… Трэба пераканацца ў станоўчых намерах вашых…”
Як даведалася Еўрарадыё, праверыць пашпарт на мяжы з Расіей могуць нават у пасажыраў машыны з беларускімі нумарамі:
“Я нават некалькі разоў пытаўся: “Хлопцы, а што гэта такое?”. Дык яны кажуць, што гэта ў іх такія меры супраць тэрарызму. Перапытаўся, якіх грамадзян яны тут затрымліваюць? “Напрыклад, украінцам мы не даём тут праязджаць”, ― расказвае Еўрарадые менеджар БелТОЛЛ Сяргей Буры.
Гэтае абмежаванне распаўсюджваецца выключна на тых, што едзе транзітам праз Беларусь аўтатранспартам. Замежніку не прададуць квіток на аўтобус, які ідзе транзітам праз Беларусь у Расію. Нават з Мінска ў Маскву не прададуць квіток, калі вы не грамадзянін Беларусі. А вось квіток на цягнік ― лёгка. Ну, прынамсі так мне адказваюць у даведцы сталічнага чыгуначнага вакзала на пытанне, ці магу купіць квіткі на цягнік у Маскву сабе і свайму сябру-украінцу.
“Так, квіток прададуць ― у Маскву няма ніякай мытні, ніякай мяжы”.