У Рэчыцы выявілі рэдкае паразітарнае захворванне, якое пераносяць камары
Дырафілярыёз / калаж
У Рэчыцы спецыялісты мясцовай санстанцыі зарэгістравалі выпадак дырафілярыёзу — рэдкага паразітарнага захворвання.
Папярэдні так выпадак быў зарэгістраваны ў горадзе ў 2021 годзе. Тады паразіта дасталі з левага перадплечча.
Цяпер чарвяка ў жыхаркі Рэчыцы дасталі з мяккіх тканак левага сцягна.
Дырафілярыёз перадаецца чалавеку ад хворых жывёл (у нас, як правіла, праз сабак, рэдка — праз катоў), а таксама праз укусы камароў.
На тэрыторыі Беларусі першы выпадак захворвання чалавека на дырафілярыёз быў зарэгістраваны ў 1997 годзе.
Дырафілярыі — гэта гельмінты (чарвякі) белага колеру даўжынёй ад 5 да 15 сантыметраў. Захворванне можа паразіць любую сістэму ці орган чалавека, у тым ліку сардэчна-сасудзістую, вочы і галаўны мозг. Трапіўшы ў арганізм, перасоўваецца ў целе з хуткасцю ад 10 да 30 см за суткі.
Першым сімптомам хваробы з'яўляецца пухліна пад скурай або слізістай абалонкай памерам каля 2 см. Яна суправаджаецца пачырваненнем і свербам і нагадвае камарыны ўкус. Характэрнай прыкметай захворвання з'яўляецца міграцыя паразіта па целе.
Пазбавіцца ад гельмінта можна хірургічным шляхам.
У якасці перасцярогі рэкамендуецца абарона ад укусаў камароў (выкарыстанне рэпелентаў, ахоўнага адзення) і рэгулярныя супрацьгліставыя прафілактычныя меры для хатняга гадаванца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.