У Рызе паабяцалі, што ў мірны час мінных палёў на мяжы з Беларуссю не будзе
Беларускі памежнік вучыцца шукаць міны, верасень 2023-га / gpk.gov.by
У Рызе паабяцалі, што ў мірны час мінных палёў на мяжы з Беларуссю не будзе. Супрацьтанкавыя міны для ўзмацнення бяспекі ўсходняй мяжы Латвіі могуць быць размешчаныя толькі ва ўмовах ваеннага крызісу. Пра гэта заявіў камандуючы Нацыянальнымі Узброенымі сіламі Леанід Калніньш.
Пра тое, што Латвія можа размясціць супрацьтанкавыя міны і бетонныя зубы на мяжы з Беларуссю і Расіяй, днямі сказала кіраўніца латвійскага Мінабароны Інара Мурніецэ. Пры гэтым яна выказвала спадзяванне, што адначасова падобныя дзеянні зробяць і суседзі, тая ж Літва.
Калніньш кажа, што ведамствы пакуль толькі разглядаюць магчымае мінаванне мяжы: "Я адразу хачу супакоіць латвійскае грамадства, што галоўнае слова тут — ацаніць". У любым выпадку супрацьтанкавыя міны не нясуць небяспекі для грамадзянскага насельніцтва і жывёл, дадаў ён. "Для выбуху супрацьтанкавай міны павінна быць не менш за 200 кілаграм ціску непасрэдна на адзін квадратны сантыметр. Гэта азначае, што міна ад ціску чалавека ні ў якім разе не выбухне", — кажа камандуючы Нацыянальнымі Узброенымі сіламі Латвіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.