У СІЗА ў Беларусі памёр грамадзянін Літвы
Брама ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску
У СІЗА ў Беларусі памёр грамадзянін Літвы, затрыманы ў канцы мінулага года. Часоваму паверанаму ў справах Рэспублікі Беларусь у Літве з гэтай нагоды была ўручаная нота, у якой літоўскае Міністэрства замежных спраў выказала "рашучы пратэст". Не выключаецца, што мужчына (1953 г. н.) не атрымаў неабходную медыцынскую дапамогу.
Адзначаецца, што літоўскія дыпламаты "не былі належным чынам праінфармаваныя аб затрыманні грамадзяніна Літоўскай Рэспублікі і яго падставах, аб стане здароўя грамадзяніна, не былі створаны ўмовы для наведвання затрыманага і аказання яму неабходнай консульскай дапамогі". "Такімі дзеяннямі Рэспубліка Беларусь груба парушыла Венскую канвенцыю аб консульскіх адносінах", — гаворыцца ў ноце МЗС Літвы.
Літва патрабуе ад РБ інфармацыю па справе памерлага. Таксама адзначаецца, што "апошнім часам узмацніліся варожыя і правакацыйныя дзеянні" ў дачыненні грамадзян Літвы ў Беларусі. Ёсць "незаконна затрыманыя", якім выстаўленыя "выдуманыя абвінавачванні". Міністэрства замежных спраў Літвы яшчэ раз настойліва рэкамендуе сваім суайчыннікам не выязджаць у Беларусь, а тым, хто цяпер знаходзіцца ў краіне, неадкладна з'ехаць з яе.
Згаданага літоўца затрымалі 31 снежня 2023-га ў "Беняконях" на беларуска-літоўскай мяжы. У яго аўтамабілі знайшлі амаль сотню патронаў для зброі. Была распачатая крымінальная справа па артыкуле "Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь боепрыпасаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.