У складзе AKUTE з’явіцца дзяўчына — барабаншчыца Vicky Fates
Былы бубнач грута сышоў са скандалам і напісаў, што стаміўся бачыць п’яных удзельнікаў калектыву і чуць лозунгі “Жыве Беларусь”.
Магілёўскі гурт AKUTE зноў мяняе бубнача. Замест віцебскага драмера Міхаіла Рубіна да калектыву далучыцца мінчанка Vicky Fates, якая таксама грае ў Avias і CORNUCOPIA, сесійна выступае з :B:N:
“Я паслухала іх музыку, прыкінула сябе ва ўсім гэтым, — распавядае Віка. — Стыль для мяне новы, але мне даўно хацелася адыйсці ад звыклай рок-музыкі. Я нешта грала нават дома і так добра гралася, што вырашыла пагадзіцца. Лепш за ўсіх мне лягла песня “Кулі”. Рэпетыцыі будзем праводзіць 50 на 50: у Мінску і Магілёве. Тут не той фармат гурта, калі трэба рэпетаваць штодзень, дастаткова адной вялікай рэпетыцыі на тыдзень”.
Vicky Fates вядомая ў Беларусі як эндорсер сусветных брэндаў Paiste (такі ж статус акрамя Вікі ў нашай краіне маюць толькі Аляксандр Старажук з гурта Trubetskoy і Аляксандр Сапега з Apple Tea) і Pearl Drums. Гэта азначае, што фірмы са зніжкай або бясплатна даюць ёй інструменты.
Былы бубнач AKUTE Міхаіл Рубін з Віцебска адыграў з гуртом каля паловы года. Ён вельмі абразіўся, што яго “звольнілі”, паведаміўшы пра гэта праз сацсетку, і напісаў гнеўны пост на сваёй старонцы ў “Вконтакте”. Па словах Рубіна, яму плацілі мала, пры тым, што ганарары гурта былі вялізнымі. Таксама ён сцвярджае, што стаміўся бачыць п’яных удзельнікаў калектыву і чуць лозунгі “Жыве Беларусь” і “Слава Украіне”.
Вакаліст AKUTE Станіслаў Мытнік тлумачыць Еўрарадыё, што ў былым бубначы іх не здавальняў узровень валодання інструментам, а пра свае велізарныя ганарары яны ўпершыню даведаліся ад Міхаіла:
“Міша вырваўся з палону AKUTE, дзе яго гвалтоўна ўтрымлівалі. Ён усё правільна напісаў, мы мудакі, бо не хочам дзяліцца ўсімі гэтымі мільёнамі, таму што ў нас няма часу навучыць чалавека граць так, як нам бы хацелася. І яшчэ мы любім Беларусь і ўсё, што з ёй звязана”.
Нагадаем, гурт AKUTE быў заснаваны ў Магілёве ў 2008 годзе Стасам Мытнікам і Раманам Жыгаравым. На сённяшні дзень музыкі выдалі тры паўнафарматныя альбомы, апошні з якіх “Рэальнасць і сны” быў прызнаны лепшым альбомам 2014 года ў Беларусі.