У Слуцку "захапілі ў закладнікі" намесніка старшыні райвыканкама
11 красавіка каля 17-й гадзіны будынак Слуцкага райвыканкама ачапілі, а яго супрацоўнікаў эвакуявалі. Вакол будынка з'явіліся міліцыя, ратавальнікі, медыкі, піша kurjer.info.
Як выявілася, у Слуцку адбываліся комплексныя вучэнні, у якіх былі задзейнічаныя розныя структуры. Паводле папярэдняй інфармацыі, легенда вучэнняў была такая: намесніка старшыні райвыканкама ўзялі ў закладнікі на працоўным месцы.
Па звестках журналістаў, спярша з "нападнікам" ішлі перамовы, а потым ён заявіў, што ў яго бомба. Як быў вызвалены выканкамаўскі чыноўнік, не паведамляецца.