У траўні ў Беларусі 72 "палітычныя" аштрафаваны на 63 тысячы рублёў
Беларускія праваабаронцы падвялі вынікі траўня 2020 года. Яны пішуць, што гэты месяц "адзначыўся новай хваляй рэпрэсій над актывістамі, журналістамі, праваабаронцамі, а таксама грамадзянамі, якія прыходзілі на мірныя сустрэчы аднадумцаў у шматлікіх гарадах краіны". Затрыманні актывізаваліся пасля таго, як распачалася выбарчая кампанія і за краты трапіў папулярны відэаблогер Сяргей Ціханоўскі. Статыстыка за травень з'явілася на сайце spring96.org.
6-31 траўня з палітычных матываў у Беларусі затрымлівалася не менш за 195 чалавек. А яшчэ былі не менш за 217 выпадкаў адвольных затрыманняў. 18 чалавек затрымліваліся 2 ці 3 разы.
Па палітычна матываваных справах у траўні прайшло не менш за 155 судоў (135 — за ўдзел у "несанкцыянаваных мерапрыемствах"), па якіх праходзіла як мінімум 132 чалавекі.
72 чалавекі аштрафаваныя на 63 504 рублі. Рэкордны штраф у актывіста з Брэстчыны, удзельніка акцый супраць завода АКБ Віталя Казака — 3780 рублёў. 69 чалавек былі асуджаны на адміністрацыйны арышт — ад 2 да 25 сутак. Агулам колькасць "сутак" за месяц склала 719. Рэкардсменам стаў Магілёў, дзе 18 чалавек пакаралі 164 суткамі адміністрацыйнага арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.