У Валожынскім раёне згарэла майстэрня гусляў
Пажар у майстэрні гусляў
У вёсцы Малое Запруддзе Валожынскага раёна ўвечары 5 студзеня згарэла прыватная майстэрня па вырабе гусляў, піша kraj.by.
Разам з майстэрняй згарэла лазня, якая размяшчалася ў адным будынку з ёй.
Гаспадар гэтых пабудоваў — Дзмітрый, ён жа майстар па вырабе гусляў. Хлопец кажа, што вырабам гусляў займаўся пяць гадоў. За гэты час зрабіў каля 500 музычных інструментаў, на якіх граюць у Беларусі і Расіі.
"Майстэрня разам з лазняй пад адным дахам успыхнулі. Мне цяжка сказаць, чаму гэта адбылося, бо мы вельмі строга выконвалі правілы пажарнай бяспекі. Так, там тапілася печка, але з яе агеньчык выпасці не мог. Магчыма, ад тэмпературы печы ўспыхнуў драўняны пыл, а можа, адбылося кароткае замыканне электраправодкі. Усё адбылося вельмі хутка. Мы паспелі выратаваць толькі адзін станок. Калі ратавальнікі прыехалі, ім заставалася толькі тушыць практычна згарэлую майстэрню", — дзеліцца падрабязнасцямі майстар.
Па яго словах, за 20 хвілін агонь знішчыў справу ўсяго яго жыцця. Майстар кажа, што ў такіх маштабах, як ён нідзе больш у Беларусі гуслі не вырабляюць. Ён плануе аднаўляць майстэрню.
Дарэчы, два гады таму такі ж пажар адбыўся ў музычнай майстэрні іншага майстра і гусляра — удзельніка гурта "Стары Ольса" Алеся Чумакова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.