У Венесуэле верталёт абстраляў будынкі Вярхоўнага суда і МУС
У сталіцы Венесуэлы Каракасе верталёт абстраляў будынкі Вярхоўнага суда і МУС. Ніхто не пацярпеў. Прэзідэнт Нікалас Мадура назваў здарэнне тэрарыстычным нападам. Ён, дарэчы, у гэты момант выступаў на дзяржаўным тэлебачанні. Па словах прэзідэнта, верталёт абстраляў будынкі з агнястрэльнай зброі і “запусціў дзве гранаты, адна з якіх не выбухнула”. Па трывозе былі паднятыя сілы супрацьпаветранай абароны. Спецпадраздзяленні шукаюць арганізатараў і ўдзельнікаў нападу, інфармуе “Бі-Бі-Сі”.
Высветлілася, што верталёт належыць паліцыі. Перад нападам ён быў скрадзены. У сацсетках з’явілася фота верталёта, на якім вісіць плакат з надпісам “350. Свабода”. Маецца на ўвазе 350-ы артыкул Канстытуцыі, паводле якога грамадзяне могуць не прызнаваць уладу, калі яна парушае дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека. Пілотам верталёта мог быць афіцэр паліцыі Оскар Перэс, які распаўсюдзіў у сацсетках свой відэазварот. У ім ён заяўляе, што выступае ад “кааліцыі вайскоўцаў, паліцэйскіх і грамадзянскіх служачых”, называе ўрад “злачынным”, патрабуе адстаўкі Нікаласа Мадуры і аб’яўлення ўсеагульных выбараў.