У Вялікабрытаніі атруцілі расійскага перабежчыка з ГРУ
У брытанскім Солсберы невядомай атрутай атручаны перабежчык з расійскага ГРУ (Галоўнае разведвальнае ўпраўленне) Сяргей Скрыпаль.
Паводле інфармацыі Бі-Бі-Сі, напярэдадні двое чалавек — 66-гадовы мужчына і маладая жанчына — былі дастаўленыя ў лякарню, бо ім стала кепска ў гандлёвым цэнтры.
Пасля здарэння гандлёвы цэнтр і некаторыя іншыя раёны горада былі ачэпленыя. Спецыялісты ў касцюмах хімічнай абароны праводзілі там дэзінфекцыю.
Скрыпаль быў асуджаны ў 2006 годзе па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе. У 2010-м яго разам з трыма іншымі расіянамі памілавалі, а пазней абмянялі на затрыманых у ЗША расійскіх агентаў. Цяпер Скрыпаль пражывае ў Вялікабрытаніі.
Паліцыя расследуе здарэнне.
Аглядальнік Бі-Бі-Сі Гордан Карэра звяртае ўвагу на падабенства атручвання Скрыпаля з атручваннем Аляксандра Літвіненкі ў 2006 годзе. Былы афіцэр ФСБ Літвіненка памёр у лонданскім шпіталі ва ўзросце 43 гадоў. Як выявілася, ён быў атручаны ізатопам палонію. Грамадскае расследаванне яго смерці прыйшло да высновы што забойства было "верагодна, санкцыянавана" Уладзімірам Пуціным.