Украіна можа ўвесці антыдэмпінгавыя пошліны на металапракат з Беларусі
Беларускі металапракат можа трапіць пад дадатковыя антыдэмпінгавыя пошліны ва Украіне. Пра гэта піша ubr.ua са спасылкай на крыніцу ў Мінэканамразвіцця Украіны.
Украінская кампанія "АрселорМіттал Крывы Рог" у ліпені 2018 года ініцыяваў антыдэмпінгавае расследаванне наконт гарачакачаных пруткоў з вугляродзістай і легіраваных сталяў, якія пастаўляюцца ва Украіну. Кампанія заяўляла пра дэмпінг з боку беларускіх і малдоўскіх прадпрыемстваў-канкурэнтаў.
Расследаванне некалькі разоў падаўжалі, і цяпер працягнулі да 1 студзеня 2020 года.
Украінскія СМІ пішуць, што на сёння рынак гарачакачаных пруткоў у краіне падзелены паміж трыма гульцамі — "АрселорМіттал Крывы Рог" (асноўны гулец), Беларускі металургічны завод (БМЗ) і Малдоўскі металургічны завод (ММЗ). Прычым доля імпарту з Беларусі і Малдовы на ўкраінскім рынку мінімальная — вагаецца ў раёне 5-12 %.
Калі беларускія і малдоўскія металургі апынуцца пад санкцыямі, то крыварожскае прадпрыемства стане манапалістам і будзе вызначаць кошты на рынку. Ад гэтага, як паведамляецца, пацерпяць такія некалькі ўкраінскіх прадпрыемстваў, якія купляюць прадукцыю беларускага і малдоўскага заводаў.
Дарэчы, гэтым летам Украіна ўвяла антыдэмпінгавыя кошты на беларускі цэмент. У выніку гэты рынак для беларускіх вытворцаў зачыніўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.