Украінскі прэм'ер Мікалай Азараў падаў у адстаўку (+ тэкст заявы)
У Вярхоўнай радзе сёння праходзіць пазачарговае паседжанне.
На ім будуць абмяркоўвацца магчымыя шляхі выхаду краіны з палітычнага крызісу. На пачатку паседжання прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых падчас сутыкненняў ва Украіне.
У заяве прэм'ера Мікалая Азарава, змешчанай на ўрадавым сайце, адзначаецца, што ён пайшоў у адстаўку "з мэтай стварыць дадатковыя магчымасці для грамадска-палітычнага кампрамісу, дзеля мірнага ўрэгулявання канфлікту".
Нагадаем, што адстаўкі кіраўніка ўраду пратэстоўцы патрабавалі ад самага пачатку вулічных акцый, якія пачаліся ў лістападзе 2013 года.
***
28 студзеня прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў зрабіў наступную заяву:
"Канфліктная сітуацыя, якая склалася ў дзяржаве, пагражае эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю Украіны, нясе ў сабе пагрозу ўсяму ўкраінскага грамадству і кожнаму грамадзяніну.
Урад падчас супрацьстаяння рабіў усё для мірнага вырашэння канфлікту. Мы рабілі і робім усё, каб не дапусціць праліцця крыві, эскалацыі гвалту, парушэння правоў грамадзян. Урад забяспечваў функцыянаванне эканомікі і сістэмы сацыяльнай абароны ў экстрэмальных умовах.
Аднак, вастрыня і небяспека канфлікту для нашых грамадзян, для лёсу Украіны патрабуюць дадатковых адказных крокаў.
З мэтай стварыць дадатковыя магчымасці для грамадска-палітычнага кампрамісу, дзеля мірнага ўрэгулявання канфлікту, я прыняў асабістае рашэнне прасіць прэзідэнта Украіны прыняць маю адстаўку з пасады прэм'ер-міністра Украіны.
Усе гэтыя цяжкія гады я рабіў усё для таго, каб Украіна магла нармальна развівацца як дэмакратычная еўрапейская дзяржава. Я прымаў рашэнні і браў на сябе адказнасць у інтарэсах народа Украіны. І таму магу сумленна глядзець у вочы кожнаму грамадзяніну нашай дзяржавы, кожнаму суайчынніку.
Я ўдзячны за давер прэзідэнту Украіны. Я ўдзячны ўсім народным дэпутатам, якія ўсе гэтыя гады падтрымлівалі найскладанейшую працу ўрада па мадэрнізацыі і рэфармаванні краіны.
Я ўдзячны ўсім грамадзянам Украіны, якія падтрымлівалі ўрад і мяне асабіста, верылі і вераць у правільнасць палітычнага курсу, які мы праводзілі.
Сёння самае важнае — захаваць адзінства і цэласнасць Украіны. Гэта значна важней, чым чые-небудзь асабістыя планы або амбіцыі.
Менавіта таму я прыняў гэтае рашэнне".
Фота — ria.ru