Улады забаранілі калядны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча

Калядны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча, запланаваны на 12 студзеня ў ДК МАЗ, не адбудзецца. Мінскія ўлады да апошняга цягнулі з дазволам на яго правядзенне і ў выніку прыдраліся да дамовы паміж пляцоўкай і арганізатарам, маўляў, яна аформленая без уліку новых фінансавых умоваў.


Па словах музыкі, з дазволам на канцэрт у Мінгарвыканкаме зацягвалі наўмысна. Чыноўнікам спатрэбіліся ажно 3 тыдні, каб пазнаёміцца з тэкстамі песень Вайцюшкевіча, якія пісаў класік беларускай літаратуры Генадзь Бураўкін. Бо менавіта прэзентацыя апошняга альбома "Варанок" на вершы Бураўкіна мусіла адбыцца 12 студзеня.


"Відавочна, што яны шукалі нагоду для адмены. Чаму — не ведаю. Аднак гэта лішні раз паказвае, хто ў хаце гаспадар", — разводзіць рукамі Зміцер.


Нагадаем, першы за 4 гады забароны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча прайшоў падтрымцы Еўрарадыё 29 кастрычніка ў сталічным ДК ім. Шарко пры поўным аншлагу. Выступ Змітра быў прысвечаны памяці паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, якія сёлета сышлі ў лепшы свет. "Можа, гэта апошні канцэрт, трэба яго з аркестрам адыграць", — жартаваў музыка і, як апынулася, меў рацыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі