Універсітэты “адбяруць” 40 мільёнаў у выпускнікоў, якія не даехалі на працу

У БДУ хаваюцца ад размеркавання каля 20 чалавек, у БДЭУ — пяць, а выпускніца “кулька” адкупілася ад універсітэта тысячай еўра Не ўсе размеркаваныя выпускнікі ВНУ пажадалі адпрацоўваць на прапанаваных месцах. Толькі ў БДУ такіх каля дваццаці, распавяла Еўрарадыё начальнік аддзела кадраў Наталля Няпеўная.

Наталля Няпеўная: "Выпуску падлягала 1768 бюджэтнікаў, а накіраванні атрымалі 1612 чалавек — 91%. 6% атрымалі даведкі на самастойнае працаўладкаванне па ільготах. 43-м універсітэт не змог знайсці працоўныя месцы, таму што не было заяў. Толькі каля 20 чалавек не прыбылі на працоўныя месцы".

Яны павінны будуць аплаціць навучанне, а калі вырашаць хавацца, то шукаць іх будзе міліцыя і пракуратура.

Наталля Няпеўная: "Калі чалавек не прыбывае, то нам дазволена далучаць адпаведныя органы: і міліцыю, і нават пракуратуру. Звычайна аказваецца, што гэтыя выпускнікі знаходзяцца за мяжой. Адназначна прымаецца рашэнне аб спагнанні грошай. Як правіла, сума вышэй за суму навучання, бо туды ўваходзяць усе выдаткі".

Вядома, што калі малады спецыяліст аддае грошы, то ён вяртае ўсе стыпендыі, аплату за інтэрнат і г.д. У пастанове Саўміну аб вяртанні грошай, якія затрачаныя на падрыхтоўку маладога спецыяліста, ёсць парадак разліку. І згодна з ім студэнт аплачвае нават канцылярскія тавары, мяккі інвентар, працу пазаштатных супрацоўнікаў, камунальныя паслугі. У залежнасці ад факультэту сума, якую давядзецца вяртаць, можа дасягаць 40 мільёнаў.

У Эканамічным універсітэце не жадаюць размяркоўвацца толькі 5-6 чалавек, кажа начальнік аддзела кадраў БДЭУ Віктар Спіраў.

Віктар Спіраў : "Пяць альбо шэсць чалавек, па якіх ёсць некаторая нявызначанасць. У адносінах да іх, хутчэй за ўсё, будзе ўжытая працэдура спагнання сродкаў. Хтосьці з іх за мяжу выязджае, у Расію, у кагосьці іншыя планы, але гэта адзінкі".

Ёсць такія, хто хаваецца ад размеркавання і ў БНТУ, але іх колькасць яшчэ не падлічаная, даведалася Еўрарадыё ад супрацоўніцы аддзела кадраў універсітэта Алены Семянюк.

Алена Семянюк: "Накіравана па размеркаванні 2162 чалавека, з іх 62 — небюджэтнікі. Яны самі пажадалі. Да працы прыступіла 1951 чалавек. 211 чалавек не прыбылі ў сувязі з арміяй, магістратурай. Некаторыя не абаранілі дыплом, а некаторыя не пажадалі працаваць. Яны будуць плаціць за навучанне, таму што не жадаюць ехаць на перыферыю. Адна дзяўчынка выйшла за расіяніна і паехала ў Расію. Але яна не вызваляецца ад аплаты навучання. Самі расіяне могуць вучыцца ў нас, але мы іх не размяркоўваем".

Спецыяліст па размеркаванні Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Мікалай Чміль кажа, што ў іх дзве дзяўчыны адмовіліся ад размеркавання, але пасля таго, як даведаліся, колькі прыйдзецца плаціць, адна з іх вырашыла адпрацаваць. Другая адкупіцца тысячай еўра.

Мікалай Чміль:
"Дзве дзяўчыны не хацелі размяркоўвацца і аплаціць адукацыю, але засталася адна. Ёй толькі за год магістратуры трэба плаціць. Гэта каля тысячы еўра. А другая вырашыла ехаць працаваць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі