“Усе мае мары рухнулі ў адзін дзень”: Што магло штурхнуць Юлю на суіцыд?
14-ці гадовую дзевяцікласніцу знаходзіць павешанай жыхар вёскі Лучын паблізу ад школы, дзе вучылася дзяўчына.
“Усе мае мары рухнулі ў адзін дзень”, — апошні статус Юлі на яе старонцы ў сацсетцы.
У школе не ведаюць, якія прычыны маглі падштурхнуць вучаніцу на такое: вучылася нармальна, праблем у школе не мела.
“Каб яна хаця б сказала нешта нам… Учора на ўроках смяялася і строіла планы на будучыню, збіралася набываць фарбу для валасоў”, — апісваюць у адміністрацыі лучанскай школы. У наступным годзе Юля мусіла закончыць базавую школу.
“Юля была вельмі добрай і жыццярадаснай дзяўчынкай…” — апісвае школьніцу яе знаёмая.
На старонцы дзяўчыны ў сацсетцы — звычайныя статусы для школьніцы, нічога змрочнага. Але ў спісе груповак, на якія была падпісаная Юля раптам заўважаем закрытую суполку “50 дзён да майго самагубства”.
Гэта назва кнігі расійскай пісьменніцы Стейс Крамер (псеўданім) пра дзяўчынку-падлетка, якая знаходзіцца ў крызісным стане. Аўтар нібыта апісвае свой стан у 16 гадоў. Сама па сабе яна не заклікае да суіцыду, але у суполцы могуць не толькі абмяркоўваць кнігу.
“Прыняць меры да блакіравання інтэрнэт-рэсурсаў, якія апісваюць спосабы суіцыдаў і прапагандуюць самагубства”, — гэта адна з рэкамендацыяў пракуратуры Мінска, якую публікуе часопіс “Законнасць і парадак”. Статыстыка па самагубствах у сталіцы трывожная: 6 падлеткавых суіцыдаў у 2014 годзе, 7 — у 2015-ым. Узрост загінулых: 15-17 гадоў.
"Са словаў сяброўкі Дар’і М., якая скончыла жыццё самагубствам, яна выказвала суіцыдальныя думкі, казала, што яе ніхто не любіць. Яна выказвала думкі пра сваё жаданне здзейсніць суіцыд сваім сябрам у сацыяльнай сетцы “Укантакце”", — піша часопіс “Законансць і парадак” матэрыялы справы аб суіцыдзе мінчанкі, вучаніцы ліцэя БДУ Дар’і.
“Пры аглядзе тэлефона, планшэта ноўтбука Дзмітрыя Е, высветлена, што ён наведваў закрытую групу у сацыяльнай сетцы — англамоўную старонку са шматлікімі фатаграфіямі і малюнкамі спецыфічнага, нярэдка суіцыдальнага зместу”, — а гэта ўжо матэрыялы справы іншага мінчука, які здзейсніў суіцыд. І зноў усплываюць закрытыя суполкі ў сацсетках.
"Падлеткі могуць шукаць у суполках уласны ўтульны свет, дзе ім добра", — разважае школьны псіхолаг Ірына:
“Яны думаюць, што іх разумеюць там, у гэтых групах. І гэтыя групы на іх уплываюць больш, чым дарослыя. Калі заўважныя праблемы ў падлетка, на яго трэба больш звяртаць увагу. Але не адразу. Акуратна, пытаць яго меркаванне. Тады падлетак пачне дзяліцца нечым, расказваць. Бо самая частая прычына — падлетак знаходзіцца ў сваім свеце, думае, што яго не разумеюць. Ці то ім надаюць мала ўвагі, ці то іх не прымаюць”.
За год колькасць спробаў здзейсніць суіцыд у Мінску вырасла ў 1,5 разы. Летась такіх выпадкаў было 56. Суіцыды часцей здзяйсняюць дзяўчаты, чым юнакі.