Усебеларускі кангрэс за незалежнасць мае адбыцца ў снежні

Да працы аргкамітэта далучыліся акадэмік Радзім Гарэцкі, прафесар Мікола Савіцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, кінарэжысёр Уладзімір Колас і доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў, піша nn.by.

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў лічыць, што існуюць грунтоўныя падставы для арганізацыі кангрэсу. 29 мая 2014 года ў Астане прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі падпісалі дамову аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Бліжэйшым часам яе плануецца ратыфікаваць.

На думку юрыста, у гэтай дамове ёсць палажэнні, што нясуць непасрэдную пагрозу незалежнасці Беларусі. Так, артыкул 6 датычыць прававых актаў, якія прымаюцца наддзяржаўнымі органамі і з’яўляюцца абавязковымі для дзяржаваў-удзельніц ЕўрАзЭЗ. А згодна з артыкулам 13, краіна-падпісант не можа выйсці з саюза без згоды іншых краін. І калі гэтая дамова будзе ратыфікаваная, можна сцвярджаць пра рэальную небяспеку для суверэнітэту Беларусі, падкрэсліў Міхаіл Пастухоў.

Аргкамітэт па падрыхтоўцы і скліканні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць быў створаны 30 жніўня. Каардынатарам аргкамітэта абраная намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі