УСУ адвялі частку войскаў на мяжу з Беларуссю — амбасадар Украіны ў Брытаніі
Украінскія вайскоўцы / facebook.com/GeneralStaff.ua
Узброеныя сілы Украіны адвялі частку сваіх сіл на поўнач, да мяжы з Беларуссю, бо асцерагаюцца наступу адтуль. Пра гэта амбасадар Украіны ў Вялікабрытаніі Вадзім Прыстайка паведаміў у інтэрв'ю тэлеканалу Sky News.
"Мы занепакоеныя, мы вымушаныя трымаць нашы сілы на поўначы Украіны, адвесці іх з лініі фронту, каб быць упэўненымі, што яны не змогуць перарэзаць лінію, якая нас звязвае з Захадам", — цытуе яго словы reform.by.
Як паведамлялася раней, з 16 студзеня па 1 лютага 2023 года ў Беларусі ладзіцца сумеснае лётна-тактычнае вучэнне з авіяцыйнымі падраздзяленнямі беларускіх і расійскіх узброеных сіл. Падчас гэтага вучэння будуць задзейнічаныя ўсе аэрадромы і палігоны Ваенна-паветраных сіл і войскаў СПА Беларусі.
Пры гэтым заходнія аналітыкі, як паведамлялі СМІ, лічаць малаверагодным чарговае ўварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Брытанская разведка не не разглядае беларуска-расійскае вучэнне як падрыхтоўку да наступу на Украіну. Пентагон таксама не бачыць у Беларусі намераў уступіць у канфлікт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.