Ва Украіне загінуў шматдзетны бацька з Полацка — ваяваў за Расію

Дзмітрый Гарлоўскі з жонкай і дзецьмі / news.zerkalo.io
Дзмітрый Гарлоўскі з жонкай і дзецьмі / news.zerkalo.io

Ва Украіне загінуў 40-гадовы беларус Дзмітрый Гарлоўскі, шматдзетны бацька з Полацка. Ён ваяваў за Расію, піша "Зеркало".

Гарлоўскі спачатку ездзіў на заробкі ў Расію, а пасля туды пераехаў, жыў у горадзе Клін. У 2019-м ён перавёз туды з Полацка сваю другую жонку. Знаёмыя Дзмітрыя Гарлоўскага не чулі, каб ён атрымаў расійскае грамадзянства.

На вайну ва Украіну мужчына паехаў, "каб зарабіць грошай". Верагодна, служыў у ПВК "Вагнер". Пасля навучання Гарлоўскі трапіў на фронт і загінуў у траўні пад Бахмутам. На той час ішоў трэці месяц яго службы. 8 чэрвеня яго пахавалі ў Кліне.

Другой жонцы беларус пакінуў траіх дзяцей (малодшай дзяўчынцы няма і 9 месяцаў). У Полацку жыве яго дачка ад першай жонкі, днямі ў яе быў выпускны.

Дзмітрый Гарлоўскі — не адзіны беларус, які пад уздзеяннем прапаганды пайшоў ваяваць за РФ. Значна больш беларусаў ваюе за Украіну. І не для таго, "каб зарабіць грошай". Беларускія добраахвотнікі вераць, што пасля перамогі яны вызваляць і Беларусь. 

У тым жа траўні пад Бахмутам у баі з расійскімі акупантамі загінуў Міраслаў Лазоўскі з палка Каліноўскага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі