Развітанне з загінулым "каліноўцам" Міраславам Лазоўскім прайшло ў Кіеве
Развітанне з Міраславам Лазоўскім / t.me/belwarriors
У Кіеве адбылося развітанне з Міраславам Лазоўскім — добраахвотнікам палка Каліноўскага, які загінуў пры абароне Бахмута.
"Ён аддаў сваё жыццё, каб наступнае пакаленне не жыло ў рабстве. Бо рабства — гэта найгоршае прыніжэнне для вольнага чалавека", — піша ў сваім тг-канале прэс-служба палка Каліноўскага.
"Каліноўцы" падкрэсліваюць, што Лазоўскі загінуў як герой — прыкрываючы адыход параненых пабрацімаў:
"Ён памёр вольным, выбіраючы сам, а не па загадзе страху ці страсці. Нават страх смерці не можа змяніць дзеянняў вольнага чалавека, бо ён вольны ад улады страху. Ён вышэй за страх. Ён гаспадар страху, а не яго парабак.
Толькі ў свабодзе чалавек можа любіць, і няма большага кахання, калі чалавек пакладзе душу сваю за сяброў сваіх! Гэта і ёсць дух воіна, выбар, каханне і свабода, і вышэйшая ўзнагарода — бессмяротнасць!"
Яны адзначаюць, што Міраслаў натхняў і будзе натхняць тых, хто быў побач з ім у вайне супраць расійскіх акупантаў. "Ты стаў у шэрагі лепшых з нас і ўжо з нябёс глядзіш, як мы працягваем нашу агульную справу", — гаворыцца ў паведамленні "каліноўцаў".
Міраслаў Лазоўскі быў адным з заснавальнікаў спартыўна-патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён", якая дзейнічала ў Беларусі з 1996-га да пачатку 2000-х. Таксама ён працаваў у выдавецтве "Кнігазбор". Ва Украіну пераехаў пасля падзей 2020-га. Некалькі дзён таму Лазоўскі загінуў, калі прыкрываў адыход параненых байцоў палка Каліноўскага.
Развітанне з Міраславам Лазоўскім / t.me/belwarriors
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.