Ва Украіне затрымалі беларускага агента, які спрабаваў учыніць тэракт — СБУ
Служба бяспекі Украіны / facebook.com/SecurSerUkraine
Служба бяспекі Украіны заявіла, што затрымала беларускага агента. Ім аказаўся мясцовы жыхар, які "быў завербаваны прадстаўнікамі адной з беларускіх дзяржструктур".
Мужчыну затрымалі ў той час, калі ён збіраўся здзейсніць тэракт — падпаліць аўтамабіль каля будынка адной з грамадскіх арганізацый Кіева. Следчыя таксама высветлілі, што затрыманы мае дачыненне да запалохвання прадстаўнікоў СМІ і арганізацыі несанкцыянаваных "мітынгаў" каля замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў.
У СБУ мяркуюць, што дзеянні мужчыны "былі накіраваныя на расхістванне ўнутрана-палітычнай абстаноўкі ва Украіне і дыскрэдытацыю дзяржавы перад краінамі ЕС і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь".
Затрыманаму інкрымінуюць таксама збор звестак пра ўкраінскіх вайскоўцаў з прыгранічных раёнаў. За сваю працу ён атрымліваў грошы на банкаўскую картку, сцвярджаюць у СБУ.
Пакуль ідзе дасудовае расследаванне. Вытворчасць пачалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Украіны: дзяржаўная здрада (арт. 111) і тэрарыстычны акт (арт. 258).
Вырашаецца пытанне пра абранне меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.