“Вачыма паказвае — баліць”: польская рок-зорка паміж жыццём і смерцю ў Беларусі

“Вачыма паказвае — баліць”: польская рок-зорка паміж жыццём і смерцю ў Беларусі

8 студзеня 45 гадоў споўнілася Генэку Лоску — беларускаму музыку, які перамог у першым сезоне польскага X Factor. Але юбілей ніхто не адзначаў: з траўня 2018 года Генэк ляжыць паралізаваны ў кватэры сваёй маці ў Белаазёрску.

Стан Генэка дактары ацэньваюць як цяжкі. Ён не рухаецца і не размаўляе. Але знаходзіцца ў прытомнасці.

“Ён стараецца. Вось калі нехта старонні зойдзе ў кватэру, ён намагаецца паглядзець, хто там. Я яму галаву павярну ў гэты бок, ложак ніжэй апушчу, і ён глядзіць. Відаць, што ён рады, калі людзі прыходзяць, — кажа Людміла Паўлаўна, маці Генэка Лоскі. — Я з ім размаўляю. Часам бачу, вочкі чырвоныя ў яго. Пытаюся: “Геначка, мабыць, у цябе галава баліць?” А ён міргае часта, што моцна баліць. Раней крыху калена мог падняць, руку да грудзей падцягнуць, а цяпер толькі пальцам вялікім на правай руцэ варушыць”.  

Адразу пасля таго, як стала вядома пра сітуацыю з Лоскам, у Белаазёрск прыехаў консул Польшчы ў Брэсце Кшыштаф Расінскі. Былі думкі перавезці Генэка ў Польшчу на рэабілітацыю. Але, кажа маці, гэта аказалася немагчымым.

“Ляжыць мой хлопчык, — уздыхае Людміла Паўлаўна. — Заключэнні брэсцкіх дактароў перадавалі польскім спецыялістам. Яны толькі рукамі развялі. Шанцаў мала... Але хочацца спадзявацца, бывае ж, што ўстаюць людзі”.

Памыў пашпарт і застаўся ў Польшчы

Генэк Лоска нарадзіўся ў Белаазёрску. Ён спяваў з дзяцінства, хадзіў у музычную школу і граў на гітары. Паступіў у Гродзенскае культасветвучылішча. Разам з сябрамі стварыў блюзавы гурт Seven B. У 1992 годзе каманда паехала на “Басовішча”. 

Свабода па той бок мяжы ўскружыла галаву 17-гадовым юнакам, яны вырашылі застацца ў Польшчы, граць на вуліцах і такім чынам зарабляць грошы. Да таго ж свой пашпарт Генэк памыў разам з джынсамі ў пральнай машыне — а як вярнуцца дадому без дакумента? Музыка пайшоў у беластоцкую школу англійскай мовы і застаўся ў Польшчы на доўгія гады. 

“Я не даваў аб сабе знаць бацькам, бо хацеў ім штосьці давесці. А што я ім мог тады давесці? Што граю на вуліцы? І што мне няма дзе жыць?” прыгадваў Лоска першыя гады жыцця за мяжой. Ён прызнаваўся, што вельмі сумаваў па доме.

“Вачыма паказвае — баліць”: польская рок-зорка паміж жыццём і смерцю ў Беларусі
Гурт Seven B у 2000-м годзе / Ярэк Адамняк / сацыяльныя сеткі

З цягам часу хлопцы атрымалі польскае грамадзянства. Трыа Seven B перарасло ў моцны хард-блюзавы квінтэт, які актыўна гастраляваў па Польшчы і выпускаў альбомы. “Яны не згубіліся на рынку польскага рок-блюза, які насычаны куды больш, чым у Беларусі, а таму прабіцца на ім у людзі куды больш складана. Тым не менш у Seven В гэта атрымалася зрабіць”, — пісаў Зміцер Падбярэзскі ў часопісе “JazzКвадрат”, рэцэнзуючы другі альбом каманды.

Плявок у твар польскай канцэпцыі слова “зорка”

У 1999 годзе Генэк Лоска ўпаў з лесвіцы. У яго ўтварыўся ацёк мозга, праз гэта ён перанёс некалькі аперацый. Частку чэрапа ўрачы замянілі пласцінай.“Сябры прывезлі мяне дадому ў Беларусь. Мама была ў шоку: “Што яны з табой зрабілі!” Але мне было ўсё адно. Я думаў: Божа, я ніколі больш не буду спяваць”, — дзяліўся ўспамінамі Лоска. 

Але музыка здолеў рэабілітавацца, і ў яго жыцці было яшчэ многа музыкі. Нейкі час Генэк жыў ва Уроцлаве. Завёў сям’ю, у яго нарадзілася дачка Алеся. Музыка па-ранейшаму любіў граць на вуліцы: у інтэрнэце можна знайсці шмат відэа з яго канцэртаў на свежым паветры. "Стрыт дае мне праўду і натуральнасць", — тлумачыў Генэк.

У 2011 годзе беларус прыйшоў на першы сезон знакамітага X Factor.

“Глядзеў X Factor з ім у 2011 годзе. Ён там быў як белая варона, непадобны да астатніх. І перамог. Мяне зацікавіў тым, што граў на вуліцы да гэтага і прыехаў з Беларусі ў Польшчу. Далей не чуў нічога пра яго: на каналах ён асабліва не свяціўся”, — кажа адзін з музыкаў “Народнага альбома” Сяргей Ахрамовіч, які цяпер жыве ў Польшчы.

Лоска прызнаваўся, што ішоў на X Factor, выключна каб прыцягнуць увагу да свайго новага гурта — Gienek Loska Band. Перамога на X Factor прынесла яму сапраўдную славу. Прызам для пераможцы конкурсу сталі 100 тысяч злотых і магчымасць запісаць кружэлку. Разам з Gienek Loska Band  ён выпусціў дэбютны альбом “Hazardzista”, які атрымаў статус залатога.

Музыка падкрэсліваў, што не лічыць сябе знакамітасцю і ніколі не будзе зоркай:“Я пануры, як шавец. І сацыяпат. Беларус у Польшчы і сацыяпат — выдатнае злучэнне”.

Музычны аглядальнік штотыднёвіка Polityka Куба Ваяводскі казаў пра Лоску: “Генэк — плявок у твар польскай канцэпцыі слова “зорка”. І дзякуй яму за гэта”. 

“Ён узляцеў угору, і X Factor выйграў, і залаты дыск атрымаў, і тут жа гэта скончылася”, — плача цяпер маці музыкі Людміла Паўлаўна.

“Вачыма паказвае — баліць”: польская рок-зорка паміж жыццём і смерцю ў Беларусі
Гэтае фота Генэк апублікаваў у сваім фэйсбуку 4 траўня 2018 года, за дзень да інсульту. Яно зроблена ў Белаазёрску

Obudźmy Gienka

Чатыры гады таму ў Генэка здарыўся мікраінсульт — паралізавала язык і частку сківіцы, што паўплывала на маўленне. У 2018-м годзе Генэк прыехаў у Белаазёрск — зрабіць від на жыхарства ў Беларусі, каб можна было часцей наведваць маці, якой ужо 69 гадоў. Аднак перад ад’ездам у Польшчу, напачатку траўня, перанёс інсульт — яго паралізавала.

У Беларусі музыку прызначылі пенсію па інваліднасці — 245 рублёў, асобна дзяржава выплачвае дапамогу на памперсы. Сям’ю рэгулярна наведваюць мясцовыя дактары.

Сродкі на дапамогу Генэку Лоску збірае Польскі музычны фонд (Polskа Fundacja Muzyczna). У 2019 годзе ён арганізаваў акцыю Obudźmy Gienka (“Прачніся, Генка”), было сабрана некалькі тысяч злотых. Маці Генэка Лоскі кажа, што грошай павінна хапіць на некалькі месяцаў. Яны ідуць на закупы адмысловага бялковага харчавання для музыкі (ён харчуецца праз гастрастому), лекаў, сродкаў гігіены.

Дапамагаюць клапаціцца пра Генэка ўнукі Людмілы Паўлаўны — дзеці старэйшага сына. Той, як і муж жанчыны, памёр некалькі гадоў таму. Сама Людміла Іванаўна не можна пахваліцца добрым здароўем: у яе цукровы дыябет, хворае сэрца і спіна. Але, кажа, адзіная дапамога, ад якой бы дакладна не адмовілася, — гэта масаж для сына.

Еўрарадыё знаходзіцца на сувязі з сям'ёй Генэка Лоскі. Калі ў вас ёсць жаданне і магчымасць падтрымаць музыку — напішыце нам на [email protected].

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі