Вардамацкі: 2/3 беларусаў падтрымліваюць анексію Крыма

11 ліпеня ў Варшаўскім універсітэце прайшла чарговая працоўная сустрэча “Беларускай аналітычнай майстэрні”. Сустрэча была прысвечаная ўплывам палітычных падзей ва Украіне на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі. Прафесар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі прэзентаваў параўнаўчы аналіз стану грамадскай думкі беларусаў у снежні 2013 і траўні 2014. Апытанне праводзілася сярод рэспандэнтаў, старэйшых за 18 гадоў.

Па словах даследчыка, цікавасць да ўкраінскай праблематыкі ў беларускім грамадстве застаецца на вельмі высокім ўзроўні, 40% рэспандэнтаў сцвярджаюць, што сочаць за падзеямі ва Украіне. Што цікава, ніводная ўнутрыпалітычная падзея ў Беларусі за 20 гадоў кіравання Лукашэнкі не прыцягвала грамадскую ўвагу з такой сілай. Ацэначныя разважанні беларускіх грамадзян, што да канфлікту ва Украіне, шчыльна звязаныя з крыніцамі інфармацыі: так, паводле апошніх даследаванняў Майстэрні, больш за 83% рэспандэнтаў інфармацыю пра Украіну атрымліваюць з дзяржаўнага тэлебачання, як расійскага, так і беларускага. На другім месцы па папулярнасці сярод СМІ — дзяржаўная прэса. Таму не трэба здзіўляцца, што беларусы ў канфлікце на баку Расіі. За падтрымку анексіі Крыма выказалася болей за 65% рэспандэнтаў, расказвае прафесар Андрэй Вардамацкі:

“Эмпірычнае пацверджанне інвазіі Расіі ў Крым: падтрымліваюць інвазію 65% рэспандэнтаў ад 18 гадоў і больш, гэта 2/3 насельніцтва. Яны лічаць, што тое, што адбылося з Крымам, легітымна з юрыдычнага пункту гледжання і справядліва з маральнага, толькі 15% выказаліся супраць анексіі”.

Але асноўная праблема ўсё ж такі не ў падтрымцы Расіі, а, як заўважыў даследчык, у тым, што беларусы не бачаць небяспекі з боку Расіі. 76% рэспандэнтаў сказалі, што не ўяўляюць украінскага сцэнару ў Беларусі. Палітычную небяспеку для краіны бачаць толькі палітычныя эліты, прычым не толькі апазіцыйныя: улада для сябе таксама зрабіла высновы і спрабуе сваімі заявамі і крокамі не раздражняць Расію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі