Варламаў: Хачу дажыць рэшту адведзенага мне часу ў сваёй сям’і
У сваім апошнім слове ў судзе мадэльер спадзяецца на справядлівы прысуд, звяртаецца да біблейскіх вобразаў і заяўляе, што трымаецца з апошніх сіл.
Перадапошні дзень суда над мадэльерам Сашам Варламавым. У зале каля 20 чалавек: сваякі, журналісты, некалькі былых калег-дызайнераў. З апошнім словам мадэльер выступае седзячы, з-за боляў у спіне.
“Сёння я магу сказаць, што трымаюся з апошніх сіл. Бо хачу пачуць, дачакацца справядлівага, гуманнага прысуду. Я спадзяюся на справядлівы суд. Каб дажыць рэшту адведзенага мне часу ў сваёй сям’і”, — кажа Саша Варламаў у зале суда.
Працэс над ім доўжыцца ўжо паўгода. За кратамі Варламаў ужо больш за 2 гады, а ў яго справе 147 тамоў.
“Я ў турме, а “Млын моды” ёсць. Калі б гэта не трэба было, ён бы разваліўся, бо я ўжо больш за 2 гады ў турме. Колькі моладзевых цэнтраў можна было пабудаваць за сродкі, якія былі затрачаныя на следства?” — задаецца пытаннем мадэльер.
Але ўвесь гэты час яго падтрымлівалі, прыгадвае Саша Варламаў. І супрацоўнікі СІЗА, і сябры з волі і нават зняволеныя.
“Мяне падтрымліваюць у турме. І ганарацца, што быў і ёсць такі праект. Вось ужо больш за два гады я ў турме, а праект ёсць”.
На апошняе слова ў мадэльера сыходзіць не больш за 5 хвілін. Суд бярэ перапынак да 23 ліпеня. У сваякоў на вачах слёзы. Кожны тыдзень у СІЗА даводзіцца перадаваць лекі, кажа сястра Сашы Варламава Ларыса Мухарская:
“Ён вельмі дрэнна сябе адчувае, трымаецца толькі моцай духа. Недахопы бываюць у кожнага. Цяпер магу толькі спадзявацца на справядлівасць”.
Разам з ёй другая родная сястра мадэльера Рыма Шымчонак. Усе паўгода жанчыны хадзілі на кожнае пасяджэнне суда. А іншых слухачоў станавілася ўсё мнеш. Калі на першы працэс слухачы занялі палову актавай залы, то ў апошнія дні прыходзіла літаральна некалькі чалавек.
Не шмат дызайнераў прыйшло і на апошняе слова падсуднага. Па словах Рымы Шымчонак, яны проста баяцца, бо запужаныя.
Варламаў не вінаваты ні па адным пункце следства, заяўляе адвакат падсуднага Павел Піваварчык.
“Лічу, што мой падабаронны падлягае апраўданню. Ён не рабіў тыя злачынствы, у якіх яго вінавацяць. І матэрыяламі справы абвінавачанне не пацвярджаецца. Спадзяюся на апраўдальны прысуд. У Варламава 6 міжпазваночных грыж. У яго баліць, спіна, рукі, яму цяжка дыхаць”, — даводзіць Павел Піваварчык.
І прыгадвае, што па падобных працэсах былі апраўдальныя прысуды.
Нагадаем, Сашу Варламава вінавацяць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса — "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі", "махлярства ў асабліва буйным памеры", "крадзеж у буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі", "прыўлашчванне маёмасці" і "ўхіленне ад выплаты падаткаў". За кратамі ён больш за два гады.
Суд мусіць абвесціць прысуд 23 ліпеня аб 11 гадзіне.