Набыў моц прысуд мадэльеру Сашу Варламаву
Пратэст пракуратуры на прысуд не прыносіўся.
Пра гэта БелаПАН паведаміў старэйшы памочнік пракурора Мінска Сяргей Балашоў. Такім чынам, рашэнне суду Ленінскага раёна Мінска пачало дзейнічаць 3 жніўня.
23 ліпеня суд прыгаварыў Варламава да пяці гадоў хатняй хіміі з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады тэрмінам на два гады. З-пад варты яго вызвалілі ў залі суда.
Мадэльер прызнаны вінаватым у махлярстве ў асабліва буйным памеры, крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, прысабечванні маёмасці і ўхіленні ад уплаты падаткаў. Разам з тым суд зняў з Варламава абвінавачванні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.
У тэрмін пакарання залічылі той час, які Варламаў правёў пад вартай і такім чынам яму засталося 8 месяцаў хатняй “хіміі”.
Аляксандр Варламаў — былы дырэктар “Агенцтва моды Сашы Варламава”, былы мастацкі кіраўнік цэнтру сучаснага стылю і моды Universum models упраўлення па справах культуры Белдзяржуніверсітэту, былы намеснік старшыні аргкамітэту фестывалю-конкурса “Млын моды” і начальніка Цэнтру моладзевай моды БДУ. Пацярпелымі ад яго дзеянняў прызнаныя 353 асобы, агульная матэрыяльная шкода, нанесеная Варламавым, складае болей за 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў.