Саша Варламаў: Лукашэнка цягне з сабой у культуру "калгас"
Саша Варламаў / Наша Ніва
Мадэльер Саша Варламаў, які доўгія гады кіраваў "Млыном моды", а цяпер жыве ў Германіі, даў вялікае інтэрв'ю "Нашай Ніве". Сярод іншага, ён адказаў на пытанне аб тым, чаму ў Беларусі мода так цесная звязаная з кіруючымі вярхамі.
— Усё, што звязана з модай, усё, што не з дэмакратычнай модай, а з модай іерархічнай — гэта заўсёды звязана з дамінаваннем нейкага аднаго чалавека. Мода гуляе ролю прыдворнага. І мастацтва гуляе ролю прыдворнага. Натуральна, гэта спевакі і спявачкі, якія зразумелыя Лукашэнку... А што яму зразумела? Яму зразумелы "калгас". Вось гэты "калгас" ён і пацягнуў за сабой.
Варламаў дадаў: "Не было б "калгасу" і не было б Лукашэнкі, калі не было б "калгаснікаў".
Тое, што адбываецца зараз у беларускай культуры ён апісаў як "канфлікт". Варламаў патлумачыў сваю думку:
— Мастацтва і культура дыктатарскія канфліктуюць з мастацтвам і культурай новага пакалення.
Мінулай восенню Варламаў расказаў украінскім СМІ пра тое, што для топ-чыноўнікаў трэба было перыядычна "пастаўляць" мадэляў. На пытанне пра тое, чаму пра гэта не расказваў раней, мадэльер адказаў:
— Па-першае, я адмовіўся, мне гэта не спадабалася. І я заўсёды казаў пра тое, што ў той момант... былі ўжо арганізацыі, якія гэтым займаліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.