В.Артыст: "Дзень Безбілетніка — як Новы год, але абсалютна цвярозы!"

На юбілейным канцэрце "Без Билета" спявалі старыя хіты, складалі вершы і.... паўдзельнічалі ў прапанове рукі і сэрца. Да пачатку канцэрта дыджэй і вядучы Глеб Марозаў "разаграваў" публіку розыгрышам запрашальнікаў на святкаванне Дня нараджэння Net radio, якое займалася прамой трансляцыяй юбілейнага канцэрту "Без Билета".


Глеб Марозаў

Падчас сваёй 2-х гадзіннай настальгічнай праграмы, музыкі  па чарзе аб'яўлялі кожную з песень, а фанаты нецярпліва прасілі "ўсё і адразу": з залі даносіліся  бясконцыя "Жираф", "2 лодки", "Шла дальше" і  разам з імі, праз песню, гледачы прасілі і чакалі загалоўную кампазіцыю новага альбома "Африка".



Сюрпрызам для ўсіх стала, калі на сцэну нечакана ўзняўся малады хлопец і прызнаўся, што з дапамогай гурта "Без Билета" хацеў бы папрасіць рукі і сэрца сваёй каханай. Маўляў, гурту 10 гадоў, і ягоная мара пабрацца з ёю шлюбам таго ж узросту. Са сцэны хлопец прызнаўся ў каханні і выканаў разам з музыкамі песню "Жёлтые светофоры".

Як жартаваў са сцэны сам музыка, Віталік Артыст падчас юбілейнага канцэрту вырашыў апрануць на сябе ўсё, што назбіраў за 10 гадоў. 

"Не знайшоў толькі атрыбут усіх гэтых гадоў — футбольны свісток, які прысутнічае і ў кліпе на песню "Африка" — кажа Віталь. 

Але і без свістка зала "Рэктара" у той вечар нагадвала футбольны стадыён, асабліва калі пад песню "1:1" Віталь пачаў развучваць са сваімі гледачамі рытмічныя плясканні ў далоні...

...ці рыфмаваць радкі:
"Тёмные силы гриппа на нашу республику грядут,
 Но в клуб "Ректор"  они не попадут."

Іван Барзенка



Да апошняй песні я ўсё ж такі спадзявалася, што "Без Билета" ў дзень святкавання свайго 10-годдзя запросяць на канцэрт былых удзельнікаў гурта: Ксюшу Мінчанка, Жэню Немца і іншых. Але на сцэну ўзняўся толькі былы гітарыст гурта "Без Билета" Сяргей Бакавец. Музыкі выканалі разам песню "Мая краіна Беларусь", якая была напісана ў суаўтарстве з Сяргеем на беразе далёкага італьянскага возера Лаго Маджорэ (Lago Maggiore).

Сяргей Бакавец у цэнтры


"Мы запрашалі Аню Харчанка, але яна не змагла сёння быць на канцэрце" — тлумачыць Віталь Артыст.

Юра Рубанік


 Хто ўжо заходзіў на "безбілетны" сайт, той бачыў віншавальны міжнародны ролік "З Днём безбілетніка", у якім паўдзельнічалі Чэхія, Украіна Германія і ЗША.

"Дык вось, віншаванні з ЗША — гэта наш першы бубнач, Жэня Вайткевіч, які вось так арыгінальна вырашыў павіншаваць гурт з нашым святам, — працягвае Віталь. — Дарэчы Жэня і прыдумаў назву "Без Билета".

Такім чынам, зараз, дзякуючы намаганням сваіх сябоў, гурт мае сапраўднае міжнароднае"дадатковае" свята ў календары:


"Святаў многа не бывае! — кажа Віталь. — Асабліва такіх добрых, як Дзень Безбілетніка, калі ты адчуваеш сябе як на Новы год, робіш падарункі, але абсалютна цвярозы!"

Нягледзячы на тое, што прэзентацыяй "Африки" "Без Билета" засталіся задаволеныя, канцэрт, прысвечаны 10-годдзю гурта, музыкантам спадабаўся яшчэ больш.

Віталь Артыст: "І людзей было паболей, і мы разыграліся. Тым больш, на першым канцэрце мы ўсё ж такі хваляваліся, таму што новыя песні выконваліся ўпершыню. А сёння яны выконваліся ўжо другі раз!" (смяецца).


 "Мне таксама больш спадабаўся сённяшні канцэрт, чым проста прэзентацыя "Африки" — кажа Аляксандр Мышкевіч. — Сёння былі і новыя, і старыя ўлюбёныя творы, ды і ў залі панавала іншая энэргетыка. Гэта добры, доўгі канцэрт, маса пазітыву, агромная колькасць публікі.. І ўвогуле, мы кайфанулі! Раздалі аўтографы і падарункі, і ўсё было клёва!"
 

Ваня Барзенка: "Мы самі ўжо засумавалі па такога рода клубных канцэртах! І тыя творы, якія мы сёння выканалі, — гэта сапраўдны беларускі рок канца 90-х пачатку 2000-х. Ведаеце, як было ў нейкай рэкламе: больш драйву — больш жыцця. Вось так і было сёння!"

Аўтораф-сесія гурта, якая стала традыцыйнай

Пакуль жа, "Без Билета" збіраюцца пісаць песні для чарговага альбома, а выпускаць пласцінкі кшталту "Лепшае" — яшчэ не час, лічыць Віталік Артыст.


Віталік Артыст: "Нам таксама спадабалася энэргетыка, якая панавала сёння падчас выканання настальгічнай праграмы. Але выпусціць "лайф-версію" канцэрта... Шчыра кажучы, пакуль такіх думак няма. Пакуль усе нашы думкі накіраваныя наперад, да напісання новага матэрыялу. Калі здарыцца ў нашай творчасці якая-небудзь паўза, мы, магчыма, і выпусцім "The Best", але зараз не бачу прычын для такога перапынку.  Таму "зэбэсціравацца" не плануем!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі