Вайна можа быць працяглай, у нас будуць яшчэ балючыя страты — Рэзнікаў
Украінскія вайскоўцы на фронце / facebook.com/GeneralStaff.ua
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў на ветэранскім форуме паразважаў пра перспектывы перамогі над Расіяй. "Атрымаць перамогу — значыць не проста вызваліць нашу зямлю, а зрабіць так, каб вораг нават не задумваўся аб вяртанні, — цытуе яго словы УНІАН. — І гэта вельмі складаная задача. Многія ў свеце пакуль лічаць, што гэта немагчыма". Міністр адзначыў, што ўкраінцы ўжо даказалі свету, што "ў нас іншае ўяўленне аб магчымым і немагчымым, таму мы абавязкова атрымаем перамогу".
Рэзнікаў падкрэсліў, што здабыць перамогу будзе нялёгка. "У нас моцны падступны вораг і вайна можа быць працяглай, таму што гэта рэальны марафон, — гаварыў ён. — У нас будуць яшчэ балючыя страты, і каб адолець расіян, мы павінны ўсвядоміць, што галоўнае для перамогі".
Міністр абароны Украіны адзначыў, што раней для барацьбы з акупантам была патрэбная зброя. Цяпер жа ключом да перамогі "з'яўляецца тое, што будуць адчуваць людзі". "Ад таго, што адчуваюць людзі, залежыць наша перавага над ворагам на доўгай дыстанцыі. Гэта адзінства і гатоўнасць змагацца", — заявіў Аляксей Рэзнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.