Венесуэльцам забаранілі купляць прадукты часцей за два разы на тыдзень
Прычынай стаў эканамічны крызіс, выкліканы падзеннем коштаў на нафту.
Улады Венесуэлы забаранілі жыхарам краіны наведваць дзяржаўныя харчовыя крамы часцей за два разы на тыдзень. Пра гэта паведамляе tvrain.ru са спасылкай на Times.
Такое рашэнне тлумачыцца эканамічным крызісам, які выкліканы падзеннем коштаў на нафту. У Венесуэле назіраецца высокі рост коштаў і дэфіцыт харчавання. Інфляцыя ў краіне, па словах прэзідэнта Нікаласа Мадуры, складае 63%.
Каля дзяржаўных харчовых крам дзяжураць паліцэйскія, якія правяраюць дакументы ў пакупнікоў. Тамсама дзяжураць і супрацоўнікі іміграцыйнай службы, каб замежнікі не куплялі прадукты для адпраўкі іх кантрабандай ў суседнія краіны.
Губернатар штата Яракуй Хуліа Леон Эрэдыя нядаўна напісаў у сваім твітары, што вырашыў забараніць жыхарам стаяць у чэргах ноччу. На яго думку, так звычайна робяць спекулянты.
Мадура, як піша Times, ужо дамовіўся пра крэдыт у 20 мільярдаў долараў ад Кітая. Некалькі мільярдаў долараў ён зойме ў Катара. Гэтыя сродкі, на думку прэзідэнта, дапамогуць справіцца з падзеннем нафтавых коштаў. Экспарт нафты дае Венесуэле 95% валютных паступленняў.
Фота — nastej.ru