"Верным трэба быць каштоўнасцям, а не ўладзе": як працуе інстытут рэпутацыі

Пратэсты ў Мінску / Еўрарадыё
Пратэсты ў Мінску / Еўрарадыё

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі востра ўстала пытанне рэпутацыі. Многія артысты, спартсмены, чыноўнікі быццам не баяцца сапсаваць імідж, прымаючы ўзнагароды ад Лукашэнкі. У той жа час сусветныя брэнды, турбуючыся пра тое, што будуць асацыявацца з рэжымам дыктатуры, адмаўляюцца спансаваць чэмпіянат свету па хакеі, калі ён будзе праходзіць у Беларусі.

Еўрарадыё паразмаўляла з трэнерам па бізнес-камунікацыях і этыкеце, сяброўкай асноўнага складу Каардынацыйнай рады Аксанай Зарэцкай пра тое, ці варта чакаць наступстваў тым, хто падмачыў сваю рэпутацыю падчас пратэстаў, як сацыяльны капітал уплывае на фінансы брэндаў і ці варта называць усіх, хто змяніў свае погляды, пераабутымі.

Поўную версію гутаркі можна паглядзець у 54-м выпуску "Культурнай сядзібы", а тут мы сабралі для вас самыя цікавыя цытаты.

Што такое сацыяльны капітал і навошта ён патрэбны?

— Сёння сацыёлагі і эканамісты аперуюць такім паняццем, як сацыяльны капітал. Гаворка ідзе пра ўзровень даверу, здольнасць да ўзаемадапамогі і выражэнне падзякі. Калі мы гаворым пра брэнды, пра артыстаў, пра людзей, якіх мы выбіраем, напрыклад, весці да гэтага настаўніка ці ў гэту школу дзіця, то фактары сацыяльнага капіталу аказваюцца вельмі важнымі.

— Да нядаўніх часоў у Беларусі інстытут рэпутацыі існаваў у даволі зачаткавым стане, паколькі ў асяроддзі, дзе сацыяльны капітал мог зарадзіцца, не было кансалідацыі, людзі не былі адзіныя ў сваім парыве.

— Пасля жнівеньскіх падзей мы навучыліся дзейнічаць разам. Звярніце ўвагу, напрыклад, на рэакцыю сацыяльных сетак на тое, што брэнд Nivea адмовіўся спансаваць чэмпіянат свету па хакеі. Велізарная колькасць людзей пачала публікаваць свае фатаграфіі з гэтымі слоічкамі крэму... Мы не можам гаварыць пра тое, што кампанія выдаткавала грошы на прасоўванне ў сацыяльных сетках. Але яна нарошчвала сацыяльны капітал за кошт удзячнасці людзей.

“Верным надо быть ценностям, а не власти”: как работает институт репутации
Заява Nivea аб адмове спансаваць ЧС па хакеі ў Беларусі / Еўрарадыё

— У сектары B2C (ад бізнесу да спажыўца) рэпутацыя вельмі важная. Мы бачым сусветную тэндэнцыю росту важнасці сацыяльнага капіталу. Паколькі праз гнеў спажыўцоў многія гандлёвыя сеткі могуць адмаўляцца прымаць на рэалізацыю нейкі тавар. У некаторых сітуацыях таксічнасць мерапрыемства можа стацца настолькі высокай, што рэпутацыя знішчаецца. Знішчаецца сацыяльны капітал, а за ім нязменна растуць страты і фінансавыя. Сёння настолькі высокая канкурэнцыя сярод брэндаў, што не ўлічваць рэпутацыю для іх немагчыма. Гэта заўсёды будзе цягнуць за сабой наступствы ў плане фінансаў.

"Не асуджайце прастытутак, кучараў і артыстаў"

— Раней заказчыкам многіх кампаній і артыстаў была ўлада. Той, у каго былі грошы, — у чыноўнікаў, у арыстакратыі, у тых самых вярхоў. Мы можам успомніць выраз, які прыпісваюць Калчаку: "Не асуджайце прастытутак, кучараў і артыстаў. Яны служаць пры любой уладзе". Гэты выраз характэрны і выдатна працуе ў капіталістычную эпоху, але не ў інфармацыйную. Цяпер грошы зусім не ў вярхоў. Часта ў іх не так і шмат грошай.

Пра "пераабутых"

— Верным трэба быць каштоўнасцям, а не ўладзе. Чалавечыя каштоўнасці — гэта сумленнасць, правы чалавека, свабода самавыяўлення. Калі мы будзем арыентавацца на ўладу і пры любых яе паводзінах заставацца побач з ёй, гэта, хутчэй, будзе гаварыць пра нейкія вельмі дзіўныя маральныя якасці, калі мы ідзём за чалавекам, а не за каштоўнасцямі.

— Я была б шчаслівая, калі б сёння ўвесь генеральскі склад беларускіх унутраных войскаў заявіў пра змену сваёй пазіцыі, выявіўшы тыя праблемы, якія раскрыліся ў нашай краіне. У гэтым сэнсе я б не судзіла пра людзей і нават не называла іх "пераабутымі". Гэта таксама вельмі павярхоўны погляд, які пагражае пэўным глупствам.

“Верным надо быть ценностям, а не власти”: как работает институт репутации
Марш у Курапаты / Еўрарадыё

Пра тых, каму не хочацца падаваць руку

— Гнеў можа быць цудоўны. Пытанне, як вы яго дэманструеце. Я б не стыгматызавала публічны гнеў. Хутчэй, мы не заўсёды элегантна ўмеем гэта рабіць.

— Мы жывём у інфармацыйную эпоху. Адпаведна, пры апублікаванні інфармацыі, пры перадачы доступу да імёнаў, фактаў, дат мы атрымліваем менавіта тое, на чым будуецца рэпутацыя і спосабы кіравання гэтай рэпутацыяй. Калі б мы не ведалі імёнаў людзей, якія падпісваюць спісы ў падтрымку дыктатара, тады мы б гаварылі, што гэта не мае эфекту. Але ўжо сёння мы бачым, наколькі многія людзі баяцца трапіць у "Чорную кнігу Беларусі".

Я кажу гэта, грунтуючыся нават на тых зваротах, якія прыходзяць да мяне як да сяброўкі Каардынацыйнай рады. Эфект мае пэўны адкладзены перыяд, але гэта не значыць, што ён знікае. Не варта думаць, што вам нічога не пагражае, калі вам тут жа не прыляцела.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі