Віцебскі вінаробчы завод, які прызнаны банкрутам, ліквідуюць

Эканамічны суд Віцебскай вобласці вынес рашэнне аб банкруцтве з ліквідацыяй ААТ “Віцебскі вінаробчы завод” (“ВітВін”). Пасля ўступлення ў сілу судовага вердыкта антыкрызісны менэджэр павінен распачаць задавальненне патрабаванняў крэдытораў у аб’ёме амаль 28,6 мільярдаў рублёў за кошт продажу маёмасці прадпрыемства.

З агульнай сумы каля 60% прыпадае на даўгі па падатках і іншых абавязковых плацяжах у бюджэт, яшчэ 14% складае банкаўская запазычанасць. Сярод амаль паўсотні крэдытораў — падатковая інспекцыя, банкаўскія ўстановы і суб’екты гаспадарання. Кошт актываў банкрута ацэньваецца амаль у 40 мільярдаў рублёў.

Працэдуру ліквідацыі плануюць завяршыць праз год, у чэрвені 2016 года.

Вытворчасць па справе аб эканамічнай няздатнасці завода распачатая ў канцы 2014 года па ініцыятыве самога даўжніка. Рашэнне падтрымаў асноўны акцыянер “ВітВіна”, Віцебскі гарвыканкам, у кіраванні якога знаходзяцца 68,33% акцый. Завод спыніў сваю працу ў сакавіка 2015 года.

Прадпрыемства існавала з 1930-х гадоў, у 2002 годзе на базе завода стварылі ААТ “Вітвін”, якое спецыялізуецца на вытворчасці сідра і іншых пладовых вінаў, а таксама на выпуску гарбаты і кавы. Цяпер на заводзе працуюць 74 чалавекі, з якіх 6 спецыялістаў знаходзяцца ў адпачынку па даглядзе за дзіцем, паведамляе БЕЛТА.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі