Віцебскіх назіральнікаў затрымалі "за хуліганства" — і адпусцілі з выбачэннямі
5 жніўня ў віцебскай школе №25 затрымалі чатырох незалежных назіральнікаў. Адміністрацыя школы дзе размяшчаюцца ўчасткі №№ 12, 13 і 14 не дазваляла ім знаходзіцца ў будынку і выклікала міліцыю.
Адзін з затрыманых — Андрэй Кешанюк распавёў парталу TUT.by акалічнасці здарэння. На ўчастку №12 зранку было тры назіральнікі — максімум, дазволены раэннем ЦВК.
"Нам, незалежным назіральнікам, старшыня ўчастковай камісіі Аляксей Панцылееў дазволіў знаходзіцца ў фае школы і сачыць за тым, што адбываецца каля дзвярэй на ўчастак. Аднак дырэктарка СШ №25 Наталля Нікіфарава папрасіла нас пакінуць будынак школы: маўляў, мы пабочныя людзі і перашкаджаем выбарчаму працэсу", — кажа Кешанюк.
Калі назіральнікі сталі настойваць на сваім праве весці назіранне за датэрміновым галасаваннем, у школу выклікалі нарад міліцыі. Тыя паслухалі абодва бакі канфлікту і заявілі назіральнікам, што на іх пачатае адміністрацыйнае разбіральніцтва за дробнае хуліганства.
У РАУС даставілі двух назіральнікаў з участка №12, і па адным —з участкаў №13 і №14. Аднак пасля разгляду ў РАУС усіх назіральнікаў адпусцілі і паведамілі, што прэтэнзіяў да іх няма. "Папрасілі прабачэння за дастаўленыя нязручнасці і паведамілі, што мы можам знаходзіцца ў будынку школы, што ў гэтым няма ніякага правапарушэння", — адзначае Кешанюк.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.