Возьмуць нават ябацек: фонд Герасімені набірае слухачоў у "Акадэмію BSSF"

Аляксандра Герасіменя / Еўрарадыё
Аляксандра Герасіменя / Еўрарадыё

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF) абвясціў набор на курс анлайн-лекцый "Спартыўны менеджмент і маркетынг" у створаную пры фондзе "Акадэмію BSSF".


Навошта гэта ўсё Фонду спартыўнай салідарнасці, чаму лекцыі не бясплатныя, ці гатовыя там вучыць ябацек і чым курс "Акадэміі BSSF" адрозніваецца ад навучання ў БДУФК, Еўрарадыё даведалася ў экс-дырэктара аршанскага хакейнага "Лакаматыва", актывіста фонду Яўгена Мазуры.
 

Каваць кадры для новай Беларусі

Фондам спартыўнай салідарнасці кіруе плыўчыха Аляксандра Герасіменя, якая выступіла супраць гвалту. Удзельнікі BSSF — спартсмены і спартыўныя функцыянеры, нязгодныя з палітыкай дзейных уладаў Беларусі.

— На жаль, людзі, якія цяпер займаюцца кіраваннем у спорце [беларускія чыноўнікі. — Еўрарадыё], вельмі далёкія ад спорту, — тлумачыць у размове з Еўрарадыё Яўген Мазура. — Як правіла, гэта або былыя сілавікі, або людзі, якія, умоўна, працавалі метадыстамі. Наша мэта — даць актуальную інфармацыю па спартыўным менеджменце, пра тое, як гэта развіваецца ва ўсім свеце, як людзі дасягаюць вынікаў.

Возьмут даже ябатек: фонд Герасимени набирает слушателей в “Академию BSSF”
Яўген Мазура / фота з асабістага архіва

Адэкватных ябацек таксама могуць узяць

BSSF пазіцыянуюць сябе праціўнікамі цяперашніх беларускіх уладаў, а такім чынам, і ўсіх праяў беларускага рэжыму. А калі на курс спартыўнага менеджменту папросіцца заўзяты ябацька, яго запішуць?

— Вядома запішам. Мы імкнёмся да таго, каб не вешаць цэтлікі на людзей. Калі чалавек захоча атрымаць новыя веды, зрабіць гэты свет лепшым, то чаму не? Усім людзям у роўнай ступені трэба мець магчымасць навучацца. І зноў жа, гледзячы яшчэ які ябацька, — удакладняе мужчына. — Той, які на кожным уроку будзе крычаць "Мой прэзідэнт — Лукашэнка!"? У такім выпадку не ведаю, тут ужо, хутчэй, вырашаць выкладчыкам.

Кошт курсу — 250 еўра, перадаплата 100 адсоткаў. Патыхае бізнес-праектам.

— Гэта на самай справе сацыяльная праграма, тут няма мэты зарабіць, — кажа Яўген. — Пазіцыя фонду ў тым, каб развівацца, дапамагаць людзям і развіваць спорт. Вядома, для гэтага патрэбныя рэсурсы, бо гэта патрабуе пэўных працавыдаткаў, часу, патрабуецца задзейнічаць спецыялістаў.

Пакуль што на курсе чакаюць слухачоў-беларусаў. Мова, на якой будуць праходзіць лекцыі, — руская. Ці плануецца навучанне на беларускай мове?

— Я думаю, гэта будзе абавязкова запланавана. Але цяпер трэба ўлічваць тое, што ў нас даволі сціслы часавы рэсурс. Дый на сённяшні дзень руская мова — найбольш зразумелая для слухачоў. Але ў будучыні пры жаданні цалкам можа выкладацца на беларускай.
 

Чаму "Акадэмія BSSF", а не БДУФК?

Возьмут даже ябатек: фонд Герасимени набирает слушателей в “Академию BSSF”
Ці заменяць 36 лекцый ад "Акадэміі BSSF" навучанне ў БДУФК? / academy-bssf.com

У Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры ёсць факультэт менеджменту спорту, турызму і гасціннасці, дзе на працягу некалькіх гадоў рыхтуюць адпаведных спецыялістаў. Чым курс BSSF, які складаецца з 36 лекцый, адрозніваецца ад дзяржаўнай адукацыі?

— У нас у падрыхтоўцы задзейнічана дастаткова вялікая колькасць высакакласных спартсменаў і менеджараў, — расказвае Яўген. — Мы бачым, якія цяпер спецыялісты працуюць у Беларусі. Магчыма, хтосьці з іх таксама заканчваў гэты факультэт БДУФК. Але альбо ім не даюць прымяняць свае веды, альбо тыя веды, якія там цяпер выкладаюць, ужо састарэлі.

Мы імкнёмся да новых трэндаў, новых тэндэнцый. На жаль, наш спорт ад сусветнага адстаў на некалькі гадоў, і я б нават сказаў, на некалькі дзясяткаў гадоў. Мы ж прыцягваем спецыялістаў, практыкаў, якія трымаюць руку на пульсе.

Возьмут даже ябатек: фонд Герасимени набирает слушателей в “Академию BSSF”
Па заканчэнні курса слухачы атрымаюць сертыфікат BSSF / academy-bssf.com

Менеджару якога віду спорту будзе найбольш карысны курс ад фонду?

— Працэсы ў спорце, у прынцыпе, аднолькавыя незалежна ад віду спорту. Ёсць, вядома, больш прыватныя працэсы, характэрныя для таго ці іншага віду. Але ў цэлым працэсы падрыхтоўкі ўніфікаваныя, — тлумачыць Яўген Мазура. — Колькасць прысутных на лекцыях будзе залежаць ад напаўняльнасці груп. Усё будзе залежаць ад ахвотных запісацца і прайсці гэты курс. Ахвотныя ўжо ёсць, але я не магу пакуль выдаваць дэталі. Склад выкладчыкаў будзе таксама абвешчаны бліжэй да пачатку курса.

Хацелася б запрасіць усіх зацікаўленых, курс дасць вялікі аб'ём ведаў. Будзе карысна нават тым, хто ніколі не быў звязаны са спартыўным менеджментам. Матэрыял тлумачыцца досыць простай мовай і для чалавека, які ў будучыні хацеў бы працаваць у сферы спорту, гэта будзе вельмі карысна.

Першыя анлайн-заняткі ў "Акадэміі BSSF" пройдуць 1 кастрычніка 2021 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі