Вучня, якога падазраюць у нападзе на настаўніцу, адправілі на экспертызу
Дзевяцікласнік Д., якога падазраюць у нападзе на настаўніцу рускай мовы гімназіі №74, праходзіць комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла афіцыйная прадстаўніцак Следчага камітэта Юлія Ганчарова:
"У цяперашні час падазраваны змешчаны на правядзенне стацыянарнай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы. З ім працуюць эксперты і дактары. Экспертыза дазволіць выявіць, ці ўсведамляў падлетак фактычны грамадска-небяспечны характар сваіх дзеянняў, ці мог імі кіраваць у поўнай меры".
Апроч таго, праводзіцца біёлага-генетычная экспертыза нажа, які быў знойдзены на прылеглай да школы тэрыторыі.
"Да атрымання высноваў экспертызы мы не можам сказаць катэгарычна, ці з'яўляецца ён прыладай злачынства", — рэзюмуе Юлія Ганчарова.
Нагадаем, здарэнне адбылося 23 траўня ў сталічнай гімназіі №74. Па версіі следства, 16-гадовы Д. ударыў настаўніцу нажом. Жанчына была дастаўлена ў аддзяленне рэанімацыі. Цяпер яе стан стабільны. Аднакласнікі, іх бацькі, настаўнікі і трэнер станоўча характарызуюць хлопца.