Вячорка пра забастоўку, дыялог з уладай і маскоўскі вектар
Чаму Офіс Святланы Ціханоўскай вытрымаў дыстанцыю з лістападаўскай забастоўкай і як распачаць дыялог вакол сітуацыі ў Беларусі на міжнародным узроўні? Прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў эфіры Еўрарадыё адказаў на гэтыя пытанні.
Маскоўскі вектар
Расійскі тэлеграм-канал “Незыгорь” распаўсюдзіў інфармацыю пра пакет дакументаў, які Павел Латушка нібыта перадаў расійскім уладам. Прапановы перадалі па “дыпламатычных каналах” — у дакументах змяшчаюцца ідэі па вырашэнні палітычных, эканамічных праблем Беларусі, а таксама па выбудоўванні адносінаў з Расіяй.
Чаму Офіс Святланы Ціханоўскай не зрабіў такога ж кроку?
“Мы не перадавалі пакеты ці нейкія прапановы, у нас не было такога на той час мандату, каб нешта перадаваць, фармуляваць будучую палітыку. Усё-ткі палітыку ў дачыненні да Расіі павінны фармуляваць новы дэмакратычна абраны ўрад і парламент. Але мы перадавалі прадстаўнікам у міжнародных арганізацыях, у тым ліку Расіі, наша бачанне выхаду з крызісу, дарожную мапу. Гэта — вызваленне людзей, пачатак перамоваў, правядзенне выбараў”, — расказаў у эфіры Еўрарадыё Франак Вячорка.
Тым не менш каманда Ціханоўскай абмяркоўвала, як паводзіць сябе ў адносінах з усходнім суседам у часе і пасля патэнцыйных новых выбараў. Вячорка кажа, што не выключалася прыняцце закона, які б замацаваў дасягнутыя на перамовах дамоўленасці.
Сярод іх магла быць дамоўленасць пра захаванне Беларуссю статусу-кво і неўступленне на працягу нейкага часу ў ваенныя блокі і альянсы.
Гатоўнасць выбудоўваць адносіны не толькі на заходнім напрамку пацвярджаюць і планы аб правядзенні ў Вене ў канцы лістапада канферэнцыі, удзел у якой прымуць прадстаўнікі дэмакратычных сіл, замежных партнёраў, у тым ліку — прадстаўнікі Расіі, а таксама прадстаўнікі дзейнай улады.
— Ідэя канферэнцыі была агучана даволі даўно, увесь час мы шукалі фармат і найбольш эфектыўнага арганізатара. З ініцыятывай правядзення канферэнцыі выступіў яшчэ мінулы канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц. Аляксандр Шэленберг падтрымаў ідэю.
Пакуль невядома, хто дакладна будзе ўдзельнічаць, але ідэя ў тым, каб зрабіць максімальна інклюзіўную дыскусію. Але трэба, каб гэта былі людзі, якія рэальна прымаюць удзел у вырашэнні пытанняў, а не тыя, хто прыедзе “дзеля галачкі”.
Вячорка далёкі ад думкі, нібыта ў Беларусі рашэнні прымае адзін чалавек і акрамя як з Лукашэнкам размаўляць няма з кім. Плануецца зрабіць стаўку ў тым ліку і на бізнес, які пасля ўвядзення санкцый мог стаць меншым.
Франак падкрэслівае: дыялог і перамовы — не аднолькавыя рэчы. Перамовы прыводзяць да рашэння. А дыялог можа прывесці да перамоваў. У Вене ў канцы лістапада плануецца пачаць менавіта дыялог.
Забастоўка: што гэта было?
Офіс Святланы Ціханоўскай не заклікаў да забастоўкі, але і не заклікаў людзей не ўдзельнічаць у ёй.
— Мы ўзялі дыстанцыю, таму што лічым, што страйк недастаткова падрыхтаваны. Але ж, як і большасць дэмакратычных сіл, падтрымліваем фармат страйку. Але ён павінны быць часткай большай стратэгіі. Не павінна быць страйку дзеля страйку, павінны быць канкрэтны план.
Рэферэндум: што гэта будзе?
Ёсць і яшчэ адно пытанне, адказ на якое цяпер шукаюць у камандзе Святланы Ціханоўскай. Якую стратэгію паводзінаў абраць у часе правядзення рэферэндуму? Шматлікія дэмакратычныя інстытуцыі і ініцыятывы кансультуюцца, каб абраць адзіную стратэгію.
— Мы лічым, што наша задача — сарваць гэты рэферэндум. Гэта значыць, зрабіць так, каб ён не адбыўся і не быў прызначаны ці каб Лукашэнка не змог сабраць неабходную колькасць галасоў і даказаць, што яму ўдалося перагарнуць старонку.
Не ўзгоднена толькі тактыка — якім чынам мы зрываем рэферэндум. Галасуючы супраць, псуючы бюлетэнь, адмаўляючыся ад удзелу. Большасць схіляецца да таго, што трэба прыйсці на ўчасткі. Але нельга ігнараваць тых, хто абірае байкот.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.