Вядро з уранам у Мінску выкінула на сметніцу ўнучка супрацоўніцы хімфака
Міліцыянты высветлілі асобу, якая пакінула радыёактыўныя рэчы на сметніцы на вуліцы Сердзіча ў Мінску.
Як паведамляла Еўрарадыё, ёмістасці са знакам "Небяспечна. Радыеактыўныя рэчывы або іянізавальнае выпраменьванне" 14 сакавіка знайшоў на сметніцы інжынер ЖЭУ і выклікаў ратавальнікаў.
У белым пластыкавым вядры ратавальнікі выявілі 5 кілаграмаў радыеактыўных рэчываў: ураніл хлорысты — 2 слоікі (па 1 кг), ураніл азотнакіслы — 1 слоік (1 кг), ураніл сернакіслы — 1 слоік (1 кг), уран трохкіслы — 1 слоік (1 кг). За 1 метр ад іх радыяцыйны фон быў павышаны ў чатыры разы, за 2 метра фон быў у норме.
Міліцыянты, якія заняліся праверкай гэтага інцыдэнту, высветлілі, што радыеактыўныя рэчывы належалі мінчанцы 1939 году нараджэння, якая раней працавала на хімічным факультэце адной са сталічных ВНУ. У 2016 годзе жанчына памерла. Яе ўнучка наводзіла парадак у кватэры, дзе раней пражывала бабуля, і вынесла на сметніцу ёмістасці з невядомымі ёй рэчывамі.
Праверка працягваецца.