Вялікабрытанія пагражае Расіі пашырэннем санкцый

Вялікабрытанія пагражае Расіі пашырэннем санкцый

Вялікабрытанія пагражае Расіі пашырэннем санкцый. Справа аб атручванні ў брытанскім горадзе Солсберы Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі 6 верасня разглядалася ў Савеце бяспекі ААН. Пастаянная прадстаўніца Вялікабрытаніі пры ААН Карэн Пірс заявіла, што пытанне пашырэння санкцый будзе разглядацца з-за таго, што з'явілася новая інфармацыя па справе. Пры гэтым Лондан абмяркуе далейшыя крокі са сваімі партнёрамі. Вызначыць іх не цяжка. Напярэдадні пасяджэння Саўбезу ААН сумесную заяву зрабілі Францыя, Германія, ЗША і Канада. Яны пагадзіліся з высновамі брытанскіх улад, што падазраванымі па справе з'яўляюцца афіцэры ГРУ, а санкцыя на гэтую акцыю магла быць атрыманая на ўзроўні ўраду Расіі, інфармуе "Бі-Бі-Сі".

Як паведамляла Еўрарадыё, брытанская паліцыя агучыла імёны расійскіх грамадзян, якія падазраюцца ў атручванні Скрыпалёў. Гэта — Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў. Яны прыляталі ў Лондан з Масквы і хутка пасля наведвання Солсберы вярнуліся на радзіму. Было прадастаўлена фота і відэа іх перамяшчэння ў Вялікабрытаніі. У Маскве вынікі расследавання ўспрымаюць нервова, шукаюць нестыкоўкі. Падчас пасяджэння Саўбеза ААН пастаянны прадстаўнік Расіі Васіль Нябензя назваў матэрыялы брытанскага расследавання "наборам хлусні".

На фоне пагроз новых антырасійскіх санкцый і заяў па справе аб атручванні Скрыпалёў у чацвер курс расійскага рубля на Маскоўскай біржы падаў да псіхалагічна важных адзнак. За долар давалі больш за 69 рублёў, за еўра — 80.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі