Вяртанне "Фукусімы" і Іспанія без турыстаў — #ІхНоравы
Замежныя навіны / Калаж Улада Рубанава / Еўрарадыё
Пакуль ААН ухваліла зліццё вады з "Фукусімы" ў Ціхі акіян (што выклікала абурэнне грамадскасці), у Сірыі адзначылі 10-гадовую гадавіну хімічнай атакі ў Гуце. Пра тое, што нешта не тое з вадой у французскай Сене, і як іспанцы адпужваюць надакучлівых турыстаў, чытайце ў пастаяннай рубрыцы Еўрарадыё "Іх норавы".
10 гадоў з дня хімічнай атакі ў Сірыі
21 жніўня ў прыгарадзе Дамаска Гуце адзначылі 10 гадоў з дня хімічнай атакі, у якой загінулі сотні мірных людзей. Паводле розных звестак, колькасць ахвяр склала ад 480 да 1500 чалавек. Расследаванне місій ААН пацвердзіла, што тады быў выкарыстаны зарын — адно з самых таксічных баявых атрутных рэчываў.
Напад адбыўся на фоне грамадзянскай вайны ў Сірыі — канфлікту паміж урадавымі і апазіцыйнымі сіламі.
У ЕС, ЗША і шэрагу іншых краін лічаць, што адказнасць за гэтае злачынства ляжыць на сірыйскім прэзідэнце Башары Асадзе. Сірыйскі рэжым, Расія і Іран кажуць, што хімічную зброю ўжыла апазіцыя.
Японія зліе ваду з АЭС "Фукусіма"... у Ціхі акіян
У чацвер пачнецца зліццё ачышчанай радыеактыўнай вады з разбуранай АЭС "Фукусіма". Пра гэта заявілі ў Японіі. Больш за мільён тон сцёкавых вод зліюць у Ціхі акіян. Такое рашэнне, ухваленае назіральным органам ААН па атамнай энергіі, выклікала незадаволенасць у суседзяў.
Японцы настойваюць, што паступовае зліванне вады бяспечнае, і спасылаюцца на агенцтва ААН па атамнай энергіі.
"Зліццё павінна адбыцца 24 жніўня, калі гэтаму не перашкодзяць варункі надвор'я і марскія ўмовы", — заявіў у аўторак прэм'ер-міністр Японіі Фуміа Кісіда пасля сустрэчы міністраў у Токіа.
Атамная станцыя "Фукусіма-Даічы" выведзеная са строю з-за магутнага землятрусу і цунамі, якія забралі жыцці каля 18 тысяч чалавек у сакавіку 2011 года.
Гэтая трагедыя лічыцца самай страшнай ядзернай катастрофай у свеце з часоў Чарнобыля.
У Парыжы з-за бруднай вады адмянілі спаборніцтвы на Сене
За год да Алімпіяды ў Парыжы скасаваны плавальны этап трыятлона. Пакуль улады не могуць гарантаваць бяспеку плыўцам.
Яшчэ некалькі дзён таму спартсмены ныралі ў раку з моста Аляксандра III падчас тэставых спаборніцтваў па трыятлоне, але ўжо ў нядзелю ўзровень бактэрый прызналі недапушчальным. Змяшаная эстафета па плаванні не адбылася, з-за чаго трыятлон замянілі дуатлонам — чаргаваннем этапаў бегу і велагонкі.
"Мы да гэтага часу не можам зразумець, з якой прычыны пагоршылася якасць вады, — заявіў П'ер Рабадан, намеснік мэра Парыжа, адказны за правядзенне Алімпіяды-2024. — Дзве пробы вады былі прызнаныя праблемнымі, там ёсць адхіленні ад нормы. Зараз мы праводзім расследаванне, каб паспрабаваць знайсці крыніцу забруджвання".
Іспанцам абрыдлі турысты
Жыхары іспанскай выспы Мальёрка стаміліся ад наплыву турыстаў, а мясцовыя актывісты прыдумалі нестандартны ход намякнуць ім на гэта. Такім чынам, на некаторых пляжах з'явіліся фальшывыя папераджальныя знакі, якія адпужваюць англамоўных падарожнікаў.
Некаторыя шыльдачкі паведамляюць пра небяспечных медуз, камняпады або забруджаную сцёкавымі водамі марскую ваду. Іншыя указваюць, што пляж закрыты і купацца забараняецца, або папярэджваюць, што дарога да яго доўгая, нягледзячы на тое, што ён зусім побач.
Праўда, ніжнія радкі тэксту на каталанскай мове дробным шрыфтам паведамляюць мясцовым жыхарам, што гэтыя папярэджанні фэйкавыя. Яны тлумачаць: "праблема не ў каменяпадзе, а ў празмерным турызме" або што "пляж адкрыты, але толькі не для замежнікаў".
Што ж, вас сардэчна вітае Мальёрка!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.