Вяскоўцы пратэставалі супраць звальнення дырэктара сельгаспрадпрыемства
Жыхары вёскі Валосавічы Акцябрскага раёна Гомельскай вобласьці адстаялі кіраўніка сельгаспрадпрымства “Некрашынскі”, якога хацелі звольніць. Раніцай 9 кастрычніка даяркі і механізатары гаспадаркі спынілі працу і сталі патрабаваць, каб на пасадзе дырэктара пакінулі Васіля Лаханскага.
Ён ачольваў “Некрашынскі” цягам 19 гадоў. Супрацоўнікі цалкам задаволеныя сваім кіраўніком: яны кажуць, што тут ствараюцца новыя працоўныя месцы, будуецца жыллё і проста “чалавечае стаўленне”. Задавальняюць работнікаў і заробкі: 500-800 рублёў.
Як перадае Радыё Свабода, вяскоўцы выйшлі на стыхійны сход і сталі патрабаваць, каб да іх прыехалі раённыя ўлады і патлумачылі, за што Лаханскага здымаюць з пасады. Пазней у Валосавічы сапраўды прыехалі прадстаўнікі прафсаюзаў з Гомеля і паведамілі, што на ўзроўні кіраўніцтва вобласці вырашана было не звальняць Лаханскага.
Атрымаўшы абяцанне, што дырэктар застанецца на сваёй пасадзе, работнікі выйшлі на працу.