Выдавецтва "Янушкевіч" набыло правы на выданне самага славутага рамана Айн Рэнд
Вокладка самага вядомага рамана Айн Рэнд / inc.com
Выдавецтва Андрэя Янушкевіча набыло правы на выданне па-беларуску культавага рамана Айн Рэнд "Atlas shrugged".
"Атлант расправіў плечы, Атлант збунтававаўся — яшчэ не вызначыліся, як будзе гучаць тытул па-беларуску. Гэта ўдалося здзейсніць дзякуючы ініцыятыве і падтрымцы беларускага мецэната з Гданьска", — піша выдавец у Фэйсбуку.
Таксама неўзабаве ў друк будзе здадзены пераклад рамана Эрыха Марыі Рэмарка "Чорны абеліск" у перакладзе Іны Хоміч. Апошні і адзіны раз кнігі Рэмарка ў арыгінальным перакладзе на беларускую мову выходзілі ў 1994 годзе. Гэта быў раман "Тры таварышы" ў перакладзе Уладзіміра Папковіча.
У кастрычніку рыхтуецца беларускае выданне рамана ўкраінскага пісьменніка Сяргія Жадана "Месапатамія" (пераклад Віталя Латыша і Андрэя Хадановіча).
Рыхтуюцца і выданні беларускіх аўтараў. Хутка ў друк будзе здадзены раман Ганны Янкуты "Час пустазелля". Як піша выдавец, гэты твор "навеяны падзеямі і роздумамі апошніх трох гадоў".
Таксама ў выдавецтве заканчваюць працу над падрыхтоўкай другой кнігі "Гарэзлівага пацалунку" ад Евы Вайтоўскай. "Першая частка выйшла ў 2020 годзе і шмат каму палюбілася, стала хітом сярод моладзі і не толькі", — адзначае Янушкевіч.
"Да канца верасня выйдзе новая кніга Сяргея Плескача "Дзіўная місія". Доўга мы яе рыхтавалі, але зараз ужо дакладна знаходзімся на фінішнай дарозе. Невялікая аб'ёмам, але дужа цікавая сваім зместам і сюжэтнымі паваротамі аповесць выдатнага беларускага пісьменніка", — абяцае выдавец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.