Вынеслі прысуды 11-й групе фігурантаў "карагоднай" справы ў Брэсце
17 снежня 2021 года ў Маскоўскім судзе Брэста суддзя Таццяна Лаўранюк абвясціла прысуды 12 пратэстоўцам, піша праваабарончы сайт "Вясна". Усе яны праходзяць па так званай "карагоднай справе".
Уладзімір Гарбавец асуджаны на 2 гады "хіміі";
Кацярына Шпак — 3 гады "хатняй хіміі";
Аляксандр Бадавец і палітвязень Віктар Кухарчук — 2,5 года "хатняй хіміі" (Кухарчуку залічаць тэрмін знаходжання пад вартай з 18 кастрычніка);
Павел Хамічук, Кірыл Дарашчук, Барыс Галанін, Вольга Федарэнка, Анастасія Жукавец, Дзмітрый Капылоў, Ігар Грабінскі, Марына Ушыўкова — па 2 гады "хатняй хіміі".
Менавіта такія тэрміны і прасіў пракурор Ягор Кронда.
Агулам па "карагоднай справе" асуджаныя ўжо 114 чалавек. Усіх іх прызнаюць вінаватымі ў "грубым парушэнні грамадскага парадку" (ч. 1 арт. 342 КК). Гэта самы буйны палітычны працэс у краіне па выніках пратэстаў мінулага года.
Падставай стала мірная акцыя пратэсту ў цэнтры Брэста ў верасні 2020-га. Яе ўдзельнікі вадзілі карагоды і спявалі песні, пакуль разганяць іх не прыехаў вадамёт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.