Выява жанчыны з’явіцца на 10-доларавай банкноце ў 2020 годзе
Хто менавіта, вырашае грамадская супольнасць Амерыкі.
Міністр фінансаў ЗША Джэйкаб Лью паведаміў, што на банкноце ў 10 долараў з’явіцца выява амерыканскай жанчыны. Яна заменіць партрэт Аляксандра Гамільтана, бацькі банкаўскай сістэмы Злучаных Штатаў, які ўпрыгожвае “дзясятку” ў цяперашні час.
“Мы ўносілі змены ў партрэты на нашых казначэйскіх білетах толькі некалькі разоў з тых часоў, як банкноты былі ўпершыню выпушчаныя ў абарот, і я ганаруся тым, што новая “дзясятка” стане першай банкнотай больш чым за стагоддзе, на якой будзе партрэт жанчыны”, — паведаміў Міністр.
Упершыню Міністэрства фінансаў запытвае меркаванне грамадскай супольнасці аб тым, чыя выява мусіць з’явіцца на купюры. Амерыканцы падаюць прапановы, выкарыстоўваючы хэштэг “#TheNew10” у сацыяльных медыя. На працягу лета супрацоўнікі Міністэрства фінансаў таксама будуць праводзіць сустрэчы з грамадскасцю, круглыя сталы і іншыя нарады для збору прапаноў ад радавых грамадзян, паведамляе сайт share.america.gov.
Паводле папярэдняй інфармацыі, амерыканцы разглядаюць у якасці кандыдатаў наступных жанчын-лідэраў: актывістак Гарыетт Табмен, Элеанору Рузвельт, Розу Паркс і першую жанчыну-правадыра народа чарокі Вілму Мэнкілер.
Міністэрства фінансаў абвесціць вынікі праз некалькі месяцаў, і новая банкнота будзе прадстаўлена ў 2020 годзе да стагоддзя 19-й папраўкі Канстытуцыі ЗША, якая дала жанчынам права галасаваць.
Фота: share.america.gov