Выжыць у тым, што ёсць. Ці варта пераконваць родных, што вайна — гэта дрэнна?

Спрэчка / pexels.com
Спрэчка / pexels.com

Беларускія пратэсты і барацьба з расійскай агрэсіяй — гэта не толькі пра кансалідацыю грамадства. Розныя палітычныя погляды членаў сям'і робяцца прычынай канфліктаў і нават "канапавых" войнаў.

Ці варта пераконваць блізкіх, якія стаяць па той бок барыкад, што бамбіць ракетамі гарады — дрэнна, як і дрэнна здзекавацца з нявінных людзей у беларускіх турмах? На гэтае пытанне Еўрарадыё адказвае псіхолаг Наталля Скібская.


Усё нармальна?

Адразу скажу: калі для вас зносіны з такімі сваякамі траўматычныя, вы маеце права гэтыя зносіны спыніць. Людзям старэйшага пакалення вельмі цяжка мяняць свой светапогляд, які ўстаяўся, і стратэгіі таго, што яны падтрымліваюць, а што не. Таксама давайце быць шчырымі: цяпер гэта проста небяспечна, нават для псіхікі.

Кажучы сабе, што ўсё нармальна, чалавек сябе супакойвае. Ён прымае бок агрэсара — таго, хто ўмоўна мацнейшы, бо нападае і душыць.  

Калі ты кажаш, што так не ок, ты аўтаматычна можаш стаць на бок ахвяры і зразумець, як гэта балюча, калі цябе душаць. Гэта вельмі слабая пазіцыя. Наша псіхіка імкнецца нас абараняць, каб мы адчувалі менш трывогі, неяк адаптаваліся і выжывалі ў тым, што ёсць.


Зносіны можна спыніць

Глядзець тэлевізар, слухаць навіны і пры гэтым суперажываць, удзельнічаць — гэта досыць пакутліва. Калі ты не падтрымліваеш вайну, то кожная навіна будзе выклікаць абурэнне і ўнутраны канфлікт, таму для некаторых гэта ад пачатку не варыянт.

Калі вам неабходна захаваць стасункі з людзьмі, якія не падтрымліваюць вашу пазіцыю, вы можаце пазбягаць нейкіх тэм у размове. Калі агрэсарская тэма так ці інакш будзе прасочвацца, у гэтым выпадку нармальна спыніць стасункі да пары да часу.

Такім чынам у вас застанецца надзея на тое, што аднойчы нейкім чынам вы зможаце прагаварыць сітуацыю. Пакуль жа сітуацыя не скончаная, і яна вельмі складаная.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі