Не прабачаць — нармальна. Псіхолаг пра стаўленне да тых, хто падтрымлівае вайну
Псіхолаг Наталля Скібская / Еўрарадыё
"Прабачаць можна тым, хто ў вас гэтага прабачэння просіць, прызнае свае памылкі і гатовы мяняцца", — расказвае Еўрарадыё псіхолаг Наталля Скібская. На думку спецыялісткі, размовы пра тое, што калі не прабачаеш, то мучышся сам — гэта поўнае трызненне. Тым больш, калі гаворка ідзе пра прабачэнне тым, хто падтрымлівае вайну ва Украіне ці збівае людзей на вуліцах Беларусі.
Пра гэта мы папрасілі псіхолага расказаць больш падрабязна.
Прывітанне, стакгольмскі сіндром
Калі ты прабачаеш, а прабачэння ў цябе пры гэтым не просяць, ты пачынаеш гуляцца і надыходзіць стакгольмскі сіндром. Вы маеце права не прабачаць.
Калі казаць пра злосць, крыўду, нейкае расчараванне сваімі сябрамі або сваякамі, меркаванне якіх накнот вайны зрабілася шокам, можна не стасавацца. Гэта шчасце, калi людзі, якія нам не падыходзяць, да нас не падыходзяць. Трэба з імі развітвацца і не заставацца ў гэтых аб'юзіўных стасунках. Вось і ўсё.
Калі бацькі — ябацькі
Многія беларусы расказваюць, што іх блізкія — ябацькі. Раней яны маглі мучыць, фізічна або эмацыйна здзекавацца, а цяпер — ярка падводзяць рысу, маўляў: "Для нас гвалт — нармальна". Гэта, вядома, вельмі злуе і крыўдзіць.
Раней можна было думаць, што яны чагосьці не разумеюць, неяк іх апраўдваць. Цяпер апраўдваць гэтых людзей складаней, бо мы бачым, што яны падтрымліваюць гвалт. У такіх выпадках можна паспрабаваць пагаварыць і растлумачыць, што для вас гвалт непрымальны, а тое, што яго падтрымліваюць вашы блізкія — тым больш.
У працэсе такой размовы ў суразмоўцы з'яўляецца магчымасць альбо папрасіць прабачэння, альбо сказаць уголас, што гвалт для яго — гэта норма. У выпадку апошняга можна разысціся і перастаць сябе мучыць у спробах апраўдаць чалавека або дараваць яму тое, за што ён ніколі нават не папросіць прабачэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.