XXII стагоддзе пачнецца з галандскай архітэктуры

Камітэт прыгажосці, псіхагеаграфія і арганічны хаос — усё гэта вынаходніцтвы маладых галандскіх архітэктараў, а дакладней так званага “пакалення 3.0”. Як будзе выглядаць архітэктурная рэвалюцыя XXII стагоддзя?

Галандская архітэктура развівалася паводле стандартнага еўрапейскага сцэнару, пакуль не прыйшлі 1990-я. Тады адбылася архітэктурная рэвалюцыя на чале з Рэмам Колхасам (Rem Koolhaas). Так нарадзілася новае пакаленне архітэктараў. У Галандыі яго называюць проста — пакаленне 3.0.

Ім далі магчымасць набываць землі і будаваць свае праекты. У адказ яны стварылі з галандскай архітэктуры брэнд. Называецца, дай маладым свабоду... “Мы называем архітэктараў 1990-х гадоў супергаландскім пакаленнем, бо ў іх першых атрымалася перадаць галандскі менталітэт,” — распавёў Еўрарадыё кіраўнік агенцтва “NEXT Architects” (“НЭКСТ Акітэктс”) Марайн Схенк (Marijn Schenk).

Вецер пераменаў прыгнаў да Галандыі і маладых архітэктараў з іншых еўрапейскіх краінаў. Тут яны мелі магчымасць самарэалізавацца, нягледзячы на свой узрост, досвед і адукацыю. Адзінае, што патрабавалася ад іх, — гэта смеласць!

 “Галандцы, як і ўсе еўрапейцы, не баяцца задаваць пытанні, — тлумачыць Ёрыт Хоўверт (Jorrit Houwert), архітэктар з агенцтва +31Architects. — У іх ёсць заўсёды сваё меркаванне, і гэта бачна ў архітэктуры таксама”.

Ёсць і адваротны бок “архітэктурнага раю”. Калі кожны можа адкрыць офіс і будаваць праекты, то з’яўляецца шмат бязглуздай архітэктуры. У гэтым плане Галандыя працэс не рэгулюе, у адрозненні ад іншых краінаў Еўрасаюза: “Калі параўнаць з Вялікабрытаніяй, напрыклад, там ты павінен сама меней 2-3 гады папрацаваць у нейкім офісе перад тым, як атрымаеш ліцэнзію,” — зазначае Адам Вісэр (Adan Visser), архітэктар з агенцтва GROUP A ("Груп Эй").

Між тым у кожным галандскім горадзе існуе так званы “Камітэт прыгажосці” — незалежная арганізацыя, што сочыць за выкананнем правілаў забудовы. Ён фармуецца з архітэктараў і гарадскіх планіроўшчыкаў. Яны вырашаюць, з якога матэрыялу трэба будаваць, якой вышыні, якую атмасферу павінны стварыць. Часам нават сустракаюцца камічныя правілы, як то “будаваць усе будынкі рознага колеру”. Усё гэта пазначана ў спецыяльнай архітэктурная мапе краіны — Бестэмінгсплане (Bestemmingsplan).

Але камітэт не вырашае, што прыгожа, а што не. Іх працу можна параўнаць з працай суддзі, які проста кіруецца законам. Камітэт хутчэй дае рэкамендацыі, чым кажа “не”.

Ёрыт Хоўверт лічыць, што “Камітэт прыгажосці” толькі стварае лішнія праблемы. Хаця пэўны сэнс у камітэце ён усё ж такі бачыць. “Я лічу, што адзінае, што добра ў камітэце прыгажосці, — гэта тое, што твой праект будуць абмяркоўваць”.

Галандцы не проста будуюць дамы, але вырашаюць канкрэтныя праблемы, як то шчыльнасць насельніцтва, аднастайнасць архітэктуры,  неэнакамічнасць і шмат-шмат іншых.

Галандыя ў пяць разоў меншая за Беларусь, але жыве там удвая больш людзей. Таму галоўнае пытанне для архітэктараў  — як усіх рассяліць і пры гэтым пакінуць мясціны, дзе можна было б забыцца на горад.

“Нам трэба стварыць кантраст, — кажа Марайн Схенк, — каб акрамя так званых “хуткіх” частак краіны, былі месцы для цішыні. Таму мы падзялілі краіну на дзве часткі:” хуткую” і “павольную”.

Архітэктары з агенцтва “GROUP A” кажуць: кантэкст — вось на што сапраўды трэба звяртаць увагу кожнаму архітэктару! “Вельмі важна ведаць пра таго, хто будзе жыць ці працаваць у будынку”. Тады дамы будуць мець пэўную спецыфіку, атмасфернасць і завершанасць, а значыць больш праслужаць.

У Галандыі лічаць, што ў будынка няма будучыні, калі яго ўзвядуць без уліку яшчэ аднаго фактару — арганічнасці. Згадзіцеся, непрыемна, калі пасярод дарогі, па якой вы кожны дзень ходзіце на працу, раптам будуюць гмах, нават і самы прыгожы. Каб пазбегнуць такіх казусаў, галандскія архітэктары цікавяцца псіхагеаграфіяй. То бок, вывучаюць, як перасоўваюцца людзі па пэўнай тэрыторыі, дзе праходзяць дарогі, сцежкі, што людзі бачаць, калі ідуць з аднаго месца ў іншае.

“Калі стаянка знаходзіцца ў ніжнім паверсе дома, — прыводзіць прыклад Адам Вісэр, — ты не пабачыш нічога цікава, пакуль ідзеш ад машыны да дома. А вось калі зрабіць яе ў іншым месцы і прадумаць, што мусіць быць па дарозе на стаянку, то можна даць людзям магчымасць развівацца нават па дарозе дамоў. Тая ж сітуацыя і з кожным вакзалам. Архітэктар мусіць вельмі ўважліва паназіраць, куды разыходзяцца дарогі з вакзала, і стварыць патрэбную інфраструктуру”.

Тым не менш архітэктары “пакалення 3.0” больш пільнуюць эканамічнасць, арганічнасць і няшкоднасць будынкаў, чым іх вышыню, колер ці матэрыял, з якога яны зробленыя. Таму ні Ёрыт, ні Марайн, ні Адам не баяцца архітэктурнага вэрхалу ў гарадах. Больш за тое — лічаць, што менавіта ён можа стаць архітэктурай ХХІІ  стагоддзя.

Адам Вісэр: “Ведаеце, стварыць хаос, дынаміку, кантраст таксама можа быць варыянтам гарадскога планавання...”

“Я лічу, што вэрхал таксама можа быць можа быць прыгожым” — згаджаецца Ёрыт
Хоўверт
.



Фота: Тося Кукс

Слухай іншыя рэпартажы пра Галандыю і выйграй 2 квіткі ў Амстэрдам: "ТЭЛЕПОРТ У ГАЛАНДЫЮ"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі