Як банкі абыходзяць абмежаванне Нацбанка і захоўваюць крэдыты дарагімі

Крэдыт у 300 тысяч — на тры гады

“У нядзелю тут натоўп быў, людзі сварыліся… За ўчорашні дзень толькі на гэтай кропцы банкі выдалі сто крэдытаў”.

Сто спажывецкіх крэдытаў за дзень сталі для буйных гандлёвых цэнтраў звыклай справай. Да столікаў, за якімі сядзяць супрацоўнікі банкаў, чэргі стаяць нават удзень па панядзелках. Людзі часам прыходзяць у краму амаль без грошай і бяруць крэдыты нават на самыя дробныя пакупкі.

“Чайнік каштаваў каля 300 тысяч… Яго набывала жанчына, галоўны бухгалтар, з заробкам 7 мільёнаў. Яна ўзяла крэдыт на тры гады! У нас мозг выбухнуў тут ва ўсіх. Пераплата атрымалася такая, што яна магла б сабе чатыры такія чайнікі набыць!” — распавядае Еўрарадыё кансультант па крэдытах у гіпермаркеце “Карона”.

 

Амаль усе тавары тут можна набыць у растэрміноўку, то бок — без працэнтаў. Але 20% ад кошту пакупкі трэба заплаціць адразу. Калі бярэш лядоўню, гаворка ідзе пра выплату ў 1,5-2 мільёны. Людзі не могуць заплаціць столькі, таму афармляюць экспрэс-крэдыты, працягвае наша суразмоўца.

Найчасцей у крэдыт бяруць ноўтбукі і бытавую тэхніку. Рэдка каму трэба больш за 10 мільёнаў. Але гэта тлумачыцца, хутчэй, не абачлівасцю беларусаў, а тым, што тэхнікі, якая каштуе даражэй за 10 мільёнаў, тут не так шмат.

 

Стаўка па крэдытах папаўзла ўніз. Пакупнікі напужаліся

Нацбанку сітуацыя не вельмі падабаецца. Экспрэс-крэдыты, якія афармляюцца за лічаныя хвіліны, — справа рызыкоўная. Іх часцей не вяртаюць, таму працэнтныя стаўкі па іх істотна перавышаюць кошт стандартных спажывецкіх крэдытаў. “Гэта, у сваю чаргу, значна падвышае крэдытную нагрузку на фізічных асобаў”, — тлумачаць у Нацбанку сваё жаданне абмежаваць выдачу хуткіх грошай.

І вось, галоўны рэгулятар выходзіць на сцежку вайны супраць экспрэс-крэдытаў. З 12 снежня, каб “пазычаць” людзям грошы даражэй за дзве стаўкі рэфінансавання (гэта 47% гадавых), банкі мусяць “фарміраваць адмысловы рэзерв” — 100% ад сумы пазыкі. Зразумела, што пакідаць мёртвым грузам на сваім рахунку столькі ж, колькі пазычаеш, банкі не будуць. “Такім чынам, даваць спажывецкія крэдыты па высокіх працэнтных стаўках зробіцца для банкаў эканамічна немэтазгодным”, — спадзяюцца ў Нацбанку.

Стаўкі па крэдытах папаўзлі ўніз — да згаданых Нацбанкам 47%. І найперш гэта… напужала людзей! Распавядае кансультант па крэдытах з гандлёвага дома “На Нямізе”:

“Людзей шмат. Пытаюцца, кансультуюцца, але зараз баяцца. Рэакцыя насцярожаная. Яны не разумеюць пакуль, што адбылося. Паўсюль шукаюць, дзе падвох”.

“Стаўкі зменшыліся, але з’явіліся дадатковыя камісіі”

Эксперты пачалі асцярожна выказвацца наконт таго, што банкі сапраўды будуць вымушаныя згарнуць спажывецкае крэдытаванне. Гэта, у сваю чаргу, магло б ударыць па попыце на дарагую замежную бытавую тэхніку. Але, найхутчэй, дзеянні Нацбанка на гэтым рынку нічога не зменяць.

Нягледзячы на столь у 47% для крэдытаў, якія банкі могуць выдаваць без дадатковых фармальнасцяў, у мінскіх крамах, як і раней, за спажывецкі крэдыт лёгка можна заплаціць і пад 70% гадавых. Выглядае гэта так. Стаўка па крэдыце на любую суму і на любы тэрмін — 47%. Але камісіі для кожнай пазыкі розныя.

Падобныя абвесткі ў вялікіх крамах паўсюль

“Раней стаўка па экспрэс-крэдыце складалася з дзвюх частак. Прывязвалася да стаўкі “овернайт” + фіксаваная частка, якую вызначаў наш банк. Розная для кожнага прадукту. А зараз стаўкі зменшыліся, але з’явіліся дадатковыя камісіі. Ізноў — так, розныя. Крэдыт да 6 месяцаў — камісія 5%, да 12 месяцаў — 7%, да 18 месяцаў — 9%, ад 18 да 24 месяцаў, гэта максімальны тэрмін — 12%”, — працягвае кансультант з ГД “На Нямізе”.

Праз высокія стаўкі па крэдытах утвараецца “праблемная” запазычанасць, якая цісне на беларускую эканоміку. Але пры згаданых умовах эфектыўная стаўка па крэдыце на 6 месяцаў — 68,5%. Немэтазгодна?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі