Як банкі адрэагавалі на часовае абмежаванне выдачы крэдытаў ад Нацбанка

Ад 10 кастрычніка Саўмін прымае план сумесных дзеянняў з Нацбанкам па рэфармаванні эканомікі. Адзін з пунктаў плана — забеспячэнне да канца года крэдытаванне эканомікі ў беларускіх рублях і валюце не болей за 30 трыльёнаў рублёў у месяц.

У Нацбанку кажуць, што ўсе банкі пра гэты план ведалі і ў іх трэба пытацца, як яны будуць сябе паводзіць.

Абзвоньваю камерцыйныя і дзяржаўныя банкі. У шэрагу ўстаноў ніякіх зменаў пакуль няма. 

У “Ідэябанку” і “Дэльтабанку” кажуць, што крэдытных прадуктаў меней не стала, у “Тэхнабанку” па-ранейшаму выдаюць крэдыты на спажывецкія патрэбы, а ў “Белінвестбанку” пакуль пра скарачэнне крэдытных пакетаў інфармацыі не маюць. 

А вось у “Белаграпрамбанку” заўважаюць, што болей не даюць крэдыт на набыццё жылля. 

“Ад 9 кастрычніка ў нас не выдаюцца крэдыты на набыццё кватэр, даём толькі на будаўніцтва пад 38,5%. Калі крэдыты будуць адноўленыя, у нас інфармацыі няма”, — кідаюць у інфацэнтры банка.

У “Прыёрбанку” заўважаюць, што крэдытных прадуктаў быццам бы меней і не стала, але… цяпер супрацоўнікі разглядаюць дакументы на атрыманне спажывецкіх крэдытаў цягам двух тыдняў замест аднаго. 

“Трохі даўжэй разглядаюцца дакументы на крэдыты, бо вельмі многа заявак, каб супрацоўнікі паспявалі іх разглядаць”, — кажуць у “Прыёрбанку”. Тут заўважаюць, што некаторыя стаўкі ў іх змяніліся. 

“Стаўкі некаторыя з кастрычніка змяніліся — былі 58% і 54%, а сталі 47,5% і 43,5% адпаведна”, — даводзяць у банку. 

Павысіліся стаўкі на спажывецкія крэдыты і ў “Беларусбанку”. Акурат напярэдадні прыняцця Саўмінам.  

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што, абмяжоўваючы крэдыты, Нацбанк спрабуе стрымаць інфляцыйныя працэсы. 
“Гэты працэс гаворыць пра тое, што Нацыянальны банк стрымлівае інфляцыю, стрымлівае рост курса долара, таму ён павінен неяк абмежаваць грашовую масу, якая паступае ў абарачэнне. Гэтым ён займаецца ўжо паўтара года…”, — кажа эканаміст.
Скарачэнне крэдытавання, на думку аналітыка афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзіма Іосуба, дазволіць выканаць абавязкі перад ЕўрАзЭСам і атрымаць чарговы транш. У гэтым годзе крэдыты раслі з апярэджаннем у параўнанні з абавязкамі перад ЕўрАзЭС, і Нацбанк імкнецца сітуацыю выправіць. 

“Рост крэдытаў, акрамя таго, што дазваляе развівацца эканоміцы, таксама аказвае ціск на інфляцыю і рост курсаў валют. Каб абмежаваць гэта, было прынята такое рашэнне. Дарэчы, ЕўрАзЭС чакаў  вялікага скарачэння крэдытавання для выдзялення апошняга транша”, — кажа аналітык. 


На думку эканаміста, скарачэнне крэдытавання прывядзе да падаражэння крэдытаў. 


“Гэта спрыяе таму, што ці расці ці не зніжацца. Чым вышэй працэнтныя стаўкі, тым меней жадання іх браць”. 

Навідавоку, што Нацбанк ўсімі праўдамі і няпраўдамі імкнецца стрымаць дэвальвацыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі