Як мы прадавалі трактары МТЗ

Тэлефаную ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Няўпэўнена пытаюся, ці патрэбны іх гаспадаркам трактары… І нечакана чую адказ, поўны надзеі!

“Трэба! Вядома, трэба, і пажадана адразу з механізатарамі! А ў вас якія ўмовы продажу? У лізінг дасце? На колькі гадоў — на год ці на сем?”.

Яшчэ не веру ў сваё гандлёвае шчасце з першага званка, а яны надыктоўваюць адразу пяць тэлефонаў кіраўнікоў гаспадарак, дзе трактары адмыслова трэба. І ёсць грошы!

У прадпрыемстве “Агра” Дзяржынскага раёна мой недавер разбіваюць адразу:

“Абавязкова трэба! Мы бяром у лізінг. Узялі два трактары, яшчэ два трэба”, — кажуць мне ў гаспадарцы і самі расказваюць пра кошты. Кошт трактара маркі 3522 — паўтара мільярда рублёў. Першы ўнёсак — 144 мільёны, лізінг на сем гадоў. 

Далей у гаспадарцы рэкамендуюць МТЗ, як разгрузіць склады з 10 тысячамі трактароў.

“У лізінг! Толькі ў лізінг, інакш ніхто не возьме. Сёння  ж не кожная гаспадарка можа нават першы ўнёсак даць — 150 мільёнаў. Дзяржава выкупляе па магчымасці трактары і аддае нам. Вы чулі, што Лукашэнка сказаў? Усё, што сабралася на складах, — прадаць у калгасы за нейкія грошы. Але пакуль ніякага распараджэння зверху не было”.

Трактары трэба і ў Гродзенскай вобласці: тут ужо купілі 52 адзінкі, але трэба яшчэ! А на Віцебскую вобласць ніякіх складскіх запасаў не назапасішся — тут трэба болей за тысячу трактароў! — гавораць Еўрарадыё.

“Патрэба Віцебскай вобласці ў трактарах — 1400 адзінак. Але ўсё, што вы ні дасце, мы забяром!” — абяцаюць у Камітэце сельскай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама. Праўда, забяруць таксама ў лізінг. 

За першы квартал на МТЗ зрабілі болей за 15 тысяч трактароў. Паводле дадзеных Белстата, на складах назбіралася  9,7 тысячы трактароў.

На МТЗ пагаджаюцца: прадукцыі мо і болей. Але на пытанне Еўрарадыё, колькі трактароў яны прадаюць у дзень, мне не адказваюць.

Еўрарадыё: Ну мо пахваліце сябе, скажыце, што па 100 трактароў у дзень ідзе!

МТЗ: Завышаць (!) звесткі я не маю права, гэта крымінальная адказнасць адразу!

У аддзеле продажаў МТЗ кажуць, што запас гатовай прадукцыі — амаль 10 тысяч трактароў, а значыць, два з трох месяцаў працы пайшло на склад. Але сітуацыя, згодна з версіяй МТЗ, некрытычная.

“Прадаём! Канечне, прадаём, і ў Расію. Калі б мы не працавалі, завод стаяў бы, а мы пяць дзён працуем, і шэсць. Калі б прадукцыя не ішла, завод стаяў бы!”.

Эканаміст Леанід Заіка гаворыць, што складскія запасы сведчаць пра крызіс.

“Лукашэнка сказаў па трактарах выкарыстоўваюць бюджэтныя грошы і крэдытныя грошы. Гэта вельмі дрэнна. Гэта такі рэспубліканскі распродаж, але ў нас падаткаплацельшчыкаў ніхто не спытаў! Артыкулы выдаткаў бюджэту распісаны. Дзе ўзяць грошы на куплю трактароў? Пазычыць. Але гэта глупства — пазычыць грошы, каб у сябе ж купіць прадукцыю!”.

На думку эканаміста, прадпрыемствы перавыконвалі планы, бо баяліся не выканаць кантрольныя лічбы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі