Снапкоў: Складскія запасы пры такой вялікай вытворчасці? Гэта нармальна

Еўрарадыё: Чым, па-вашаму, чэмпіянат свету выгадны Беларусі ў эканамічным плане?

Мікалай Снапкоў: Пакуль нашы ацэнкі кажуць пра тое, што чэмпіянат акупіцца. Гэта паспрыяе ў перспектыве дадатковым інвестыцыйным уліванням. Асноўныя затраты былі звязаныя з інфраструктурай, арэны ўжо былі. А развязкі і дарогі, што будаваліся, — гэта тое, што і так мусіла будавацца, каб паспрыяць развіццю нармальных транспартных зносін у горадзе. Пабудавалі трошкі раней. Да таго ж, пабудавалі гасцініцы — гэта павялічыла колькасць месцаў, а таксама асабліва радуе прыход сеткавых кампаній, а не мясцовых гасцінічных менеджараў, бо падарожнікі звычайна прывыкаюць да нейкіх гатэляў.

Еўрарадыё: Але цяпер турысты прыязджалі без віз: вы ж ведаеце, што атрымаць беларускую візу для іншаземцаў у нас — тая яшчэ валакіта. Ці не будуць пуставаць гасцініцы пасля чэмпіянату?

Мікалай Снапкоў: МЗС дастаткова прагрэсіўна ставіцца да гэтай праблемы, але пытанне залежыць ад дамоўленасцяў паміж краінамі. А што наконт гасцініц, то яны будуць запаўняцца, я ўпэўнены. Лагічней пабудаваць спачатку гасцініцы і чакаць турыстаў, чым запрашаць турыстаў, а не будзе куды сяліць. Зразумела, будуць турысты, бо мяркуючы па водгуках у інтэрнэце, ім тут падабаецца — у нас ім утульна, добра кормяць, гасцінна.

Еўрарадыё: Часта вядуцца размовы пра тое, што пасля чэмпіянату свету па хакеі можна чакаць і абвалу рубля, і дэнамінацыі. Наколькі гэта апраўданыя чаканні?

Мікалай Снапкоў: Я магу дакладна сказаць, што пасля чэмпіянату свету надыдзе чэрвень (смяецца). Старшыня Нацбанка Надзея Ермакова казала, што найбольш зручны час для дэнамінацыі — гэта стабільнасць на валютным рынку і з пункту гледжання інфляцыі. Думаю, Нацбанк будзе чакаць такога спрыяльнага часу.

Еўрарадыё: Прагнозны курс долара на 2014 год — 9800 за долар. Ці змяніліся неяк гэтыя паказчыкі?

Мікалай Снапкоў: Афіцыйна прагнозу мы не пераглядалі. Не ведаю, якія планы ў Нацбанка, але дэвальвацыя ў РФ, Украіне і Казахстане — яна, безумоўна, адбілася на канкурэнтаздольнасці нашых тавараў. Аднак гэта не сведчыць пра тое, што і нам неабходна праводзіць дэвальвацыю. У Расіі свае эканамічным ўмовы, свая палітыка па працэнтных стаўках і стаўцы рэфінансавання. Да прыкладу, у РФ ёсць Фонд нацыянальнага рэзерву за кошт нафтадаходаў, у нас няма, у Расіі ёсць істотныя даходы кансалідаванага бюджэту ад экспарту нафты, а ў нас іншая структура фармавання бюджэту. Таму ісці слепа ў тэндэнцыях валютнай палітыкі нават за краінамі-партнёрамі — немэтазгодна. І калі гэта зніжае канкурэнтаздольнасць нашых тавараў на замежных рынках, выхад толькі адзін: гэта праца над сваімі недахопамі і павышэннем канкурэнтаздольнасці нашых тавараў.

Еўрарадыё: Часта праязджаю каля МТЗ, трактары стаяць ужо на стаянцы для аўтамабіляў па-за тэрыторыяй самога прадпрыемства. Акрамя таго, згодна са статыстыкай, складскія запасы ў Беларусі растуць, растуць і заробкі. Ці не пагражае такая сітуацыя эканоміцы?

Мікалай Снапкоў: Але ж вы не бачыце тую частку, што прадаецца! Калі б трактары не прадаваліся, прадпрыемства не плаціла б заробкаў. Таму складскія запасы пры такіх вялізных прадпрыемствах (а мы вырабляем каля 60 тысяч трактароў за год) — гэта нармальна. З улікам праблем на замежных рынках нашы прадпрыемствы годна праходзяць такое “стрэс-тэставанне” — пагаршэнне замежнаэканамічнай сітуацыі, умацаванне кан'юнктуры на замежных рынках, праблемы эканамічнага росту, а суадносна і змяненне інвестыцыйных магчымасцяў краін-партнёраў. Продажы ідуць, няхай не так актыўна, як у мінулай пяцігодцы, але ідуць. А заробкі можна выплачваць і павышаць за кошт зніжэння матэрыяльных выдаткаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі